Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Слуцк: кандыдатаў шмат, агітацыі мала

Пасля зняцця з выбараў па Слуцкай выбарчай аркузе №67 аднаго з праўладных кандыдатаў, барацьбу за месца ў парламенце працягваюць асноўны кандыдат уладаў, тры прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі і адзін малады самавылучэнец. Вось толькі агітацыйная кампанія, нягледзячы на рэкордную для аркугі колькасць кандыдатаў, праходзіць надзвычай малазаўважна.

- Трэба прызнаць, сітуацыя выглядае вельмі дзіўна. Па акрузе зараз балатуецца ажно пяць кандыдатаў, але хоць нейкай больш-менш прыстойнай агітацыйнай кампаніі выбаршчыкі ў Слуцку не бачаць. Ніякіх білбордаў, улётак ці іншай друкаванай прадукцыі, акрамя хіба рэдкіх плакатаў праўладнага кандыдата Валянціны Ражанец, пакуль нідзе заўважыць немагчыма. Ад моманту рэгістрацыі кандыдатаў прайшло ўжо больш за два тыдні, але візуальна гэта не ідэнтыфікуецца, - кажа мясцовы прадстаўнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віталь Амяльковіч. - Адбываюцца сустрэчы з некаторымі кандыдатамі, але гэтыя міжсабойчыкі настолькі нешматлюдныя, што іх нават цяжка ўспрымаць у якасці агітацыйных мерапрыемстваў. Вылучэнка ад Партыі АГП Аліна Нагорная яшчэ актыўнічае ў сацыяльных сетках, але цяжка сказаць наколькі гэткую актыўнасць заўважаюць менавіта выбаршчыкі Случчыны.

Агулам незалежны назіральнік ацэньвае агітацыйню кампанію, як пасіўную ды безнадзейную. І справа не толькі ў кандыдатах. Па яго меркаванні, дэкаратыўная функцыя беларускага парламента не спрыяе выяўленню цікавасці да выбарчага працэсу з боку выбаршчыкаў. Не надаюць належнай увагі выбарчай кампаніі і мясцовыя сродкі масавай інфармацыі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары