Мясцовыя медыярэсурсы Салігоршчыны і Случчыны ігнаруюць выбарчую кампанію
Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты і старт агітацыйнай кампаніі ніяк не адбіліся на інфармацыйнай палітыцы медыйных рэсурсаў Салігоршчыны і Случчыны. Атрымаць усебаковую і аб’ектыўную інфармацыю пра кандыдатаў і ход выбарчай кампаніі мясцовым выбаршчыкам пакуль практычна немагчыма.
Найбольш пасіўнае стаўленне да выбараў выяўляюць прыватныя сродкі масавай інфармацыі. Газета “Лідэр-Прэс”, сайт “Электронны Салігорск” не згадалі пра выбары ніводнага разу. Літаральна толькі пару арыгінальных артыкулаў апубліквала слуцкае выданне “Інфа-Кур’ер”. Вядомыя сваёй інфармацыйнай актыўнасцю падчас мінулых выбарчых кампаній незалежныя сайты Салігорск.org і Салігорск-Інфа фактычна прыпынілі сваю працу і фактычна пакінулі выбаршчыкаў без альтэрнатыўнага пункту гледжання.
Афіцыйныя ж медыярэсурсы Салігоршчыны і Случчыны змяшчаюць толькі прэс-рэлізы Цэнтральнай выбарчай кампаніі, перадвыбарчыя зацемкі агульнанацыянальнага характару з БелТА ды зрэдчас некаторую афіцыйную інфармацыю мясцовых уладаў і акруговых выбарчых камісій. Эксклюзіўныя матэрыялы пра ход выбараў у рэгіёне, пра кандыдатаў і іх барацьбу за дэпутацкія мандаты, пра іх ідэалагічныя адрозненні, рэйтынгі і перспектывы, пра незалежнае назіранне і зафіксаваныя парушэнні ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі рэгіёна дагэтуль не з’явіліся.