Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Слуцк: спарынг-партнёр кандыдата ад улады зняўся з выбараў пасля тэлевыступу

Кандыдат па Слуцкай выбарчай акрузе №67 Дзьмітры Драган зняў сваю кандыдатуру з выбарчай гонкі. Цяпер за месца ў парламенце ад Случчыны будзе змагацца пяць прэтэндэнтаў.

Сваё рашэнне спадар Драган патлумачыў няздольнасцю абраных ім давераных асоб правесці якасную выбарчую кампанію, а таксама фінансавымі цяжкасцямі і праблемамі з напаўненнем свайго выбарчага фонду. Апошні аргумент падаецца вельмі дзіўным, бо даходы Дзмітрыя Драгана, які з’яўляецца дырэктарам дарожна-будаўнічай кампаніі, з вялікім адрывам апярэджваюць даходы іншых кандыдатаў па гэтай акрузе. Цікавым падецца і той факт, што напярэдадні свайго зняцця цяпер ужо былы кандыдат выступіў з перадвыбарчай прамовай у эфіры тэлеканала СТБ, пад час якой распавёў пра сваё свядомае рашэнне аб удзеле ў гэтых выбарах і падтрымаў існуючую уладу.

Мясцовы прадстаўнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віталь Амяльковіч называе такі крок Дзьмітрыя Драгана несамастойным:

- Адпачатку гэтай выбарчай кампаніі было відавочна, што спадар Драган будзе адыгрываць ролю спарынг-партнёра для асноўнага кандыдата ўладаў Валянціны Ражанец. Аднак на Слуцкай выбарчай акрузе балатуецца яшчэ тры выразных апазіцыянеры і адзін малады самавылучэнец. То бок, байкотам выбараў тут і блізка не пахне. Адпаведна, у паслугах спарынг-партнёра на гэтых выбарах улады патрэбы таксама ўжо не маюць. Да таго ж пры такіх раскладах Дзмітрый Драган, якога можна ахарактарызаваць як “моцнага гаспадарніка”, стварае толькі непатрэбную канкурэнцыю асноўнаму кандыдату, бо гуляе з ім на адным электаральным полі.

Не стала нечаканасцю рашэнне аб зняцці кандыдатуры Драгана з выбараў і для старшыні акруговага выбаркаму Андрэя Кунцэвіча. На чарговым паседжанні камісіі ён з імпэтам адзначыў, што гэтае рашэнне спадара Драгана не адаб’ецца на працы камісіі, бо бюлетэні і агульныя плакаты з інфармацыяй пра кандыдатаў дагэтуль адпраўленыя на друк не былі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары