Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Салігорскія і слуцкія СМІ па-ранейшаму ігнаруюць выбарчую тэматыку

Амаль месяц мінуў са старта парламенцкай выбарчай кампаніі, аднак салігорскія і слуцкія СМІ на гэтую буйнейшую грамадска-палітычную падзею ўвагі дагэтуль не звярнулі.

За гэты час у рэгіёне было сфармавана тры выбарчыя акругі, з якіх знікла амаль шэсць тысяч выбаршчыкаў, Слуцкім і Салігорскім выканкамамі было забаронена збіраць подпісы выбаршчыкаў на цэнтральных плошчах і каля помнікаў, прайшоў этап фармавання акруговых выбарчых камісій, у склад якіх амаль на сто адсоткаў ўвайшлі толькі прадстаўнікі дзеючай улады, і ўжо нават быў зарэгістраваны цэлы шэраг ініцыятыўных груп грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў ад розных палітычных сіл. На вялікі жаль, ніводнае з рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі гэтым падзеям ніякай увагі не надало.

Рэгіянальны прадстаўнік Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” Леанід Мархотка лічыць такую сітуацыю непрымальнай:

- Я разумею, што за апошнія дзесяцігоддзі ўжо ўсе прызвычаіліся, што роля беларускага парламенту ў рэальным палітычным жыцці краіны не надта істотная, а інстытут выбараў за гэты ж час быў цалкам дыскрэдытаваны. Але гэта ніякім чынам не здымае адказнасці са сродкаў масавай інфармацыі за аб’ектыўнае інфармаванне грамадзян аб галоўнай палітычнай падзеі гэтага года. Наадварот, роля СМІ ў такой сітуацыі толькі ўзрастае. Гэткае ж ігнараванне выбарчай тэматыкі пазбаўляе выбаршчыкаў магчымасці хоць неяк зарыентавацца ў сітуацыі і нясе ў сабе пагрозу неасэнсаванага выбару падчас галасавання.

Праваабаронца лічыць, што рэдактарам мясцовых дзяржаўных і недзяржаўных грамадска-палітычных медыяў неабходна кардынальным чынам змяніць сваю рэдакцыйную палітыку і надаць належную ўвагу бягучай выбарчай кампаніі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары