Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Месцы, забароненыя для правядзення пікетавання па збору подпісаў: інфармацыя з рэгіёнаў

Магілёўшчына: рашэнні даволі ліберальныя

23-24 чэрвеня на шэрагу інтэрнэт-сайтаў райвыканкамаў Магілёўскай вобласці у раздзелах “Выбары-2016” з’явіліся рашэнні раённых выканаўчых камітэтаў “Аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання”.

У прыватнасці, адпаведныя рашэнні можна пабачыць зараз на інтэрнэт-сайтах Бабруйскага, Глускага, Дрыбінскага, Клічаўскага, Касцюковіцкага і Чэрыкаўскага райвыканкамаў.

Практычна ва ўсіх рашэннях у перыяд з 3 ліпеня па 1 жніўня 2016 г. забараняецца збор подпісаў выбаршчыкаў на тэрыторыі ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, фізічнай культуры і спорта; на тэрыторыях чыгуначных і аўтавакзалаў; на адлегласці менш 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў і іх структурных падраздзяленняў, органаў пракуратуры, суда, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва. Дрыбінскі райвыканкам дадаткова да гэтага забараняе збор подпісаў на тэрыторыях аб’ектаў гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва, згодна рашэння Клічаўскага райвыканкама забараняецца збіраць подпісы шляхам пікетавання ў цэнтральнай частцы горада і ў памяшканнях магазінаў і прадпрыемстваў грамадскага харчавання ўсіх форм уласнасці.

Найбольш цікава вызначыўся з месцамі, забароненымі для правядзення пікетавання па збору подпісаў выбаршчыкаў, Касцюковіцкі райвыканкам – на яго інтэрнэт-сайце у рубрыцы “Выбары -2016” змешчана наконт гэтага адпаведнае рашэнне, аднак змясціць адмысловы дадатак з пералікам канкрэтных месцаў чыноўнікі забыліся.

Праваабаронцы адзначаюць, што пакуль райвыканкамы Магілёўскай вобласці дастаткова ліберальна падыходзяць да вызначэння месцаў, забароненых для правядзення пікетавання па збору подпісаў выбаршчыкаў. Магчыма, гэта звязана з тым, што яны не разлічваюць на асаблівую актыўнасць дэмакратычных структур па вылучэнню кандыдадатаў у дэпутаты шляхам збору подпісаў у раёнах Магілёўшчыны.

Дакладна вядома, што ў шэрагу сельскіх акруг Магілёўскай вобласці збіраецца вылучыць сваіх кандыдатаў Партыя БНФ, аднак вылучацца яны будуць на партыйным з’ездзе. Патэнцыйныя кандыдаты ад ПБНФ кажуць, што яны не супраць зарэгістраваць і ініцыятыўныя групы па збору подпісаў у падтрымку свайго вылучэння, аднак дзейнасць такіх груп патрабуе значных выдаткаў, грошай жа на гэта ў іх бракуе. Тэрыторыі сельскіх выбарчых акруг Магілёўшчыны дастаткова вялікія.

Па папярэдняй інфармацыі, у адной з сельскіх выбарчых акруг Магілёўскай вобласці будзе вылучаць свайго кандыдата ў дэпутаты таксама і Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”.

На дадзены момант у сельскіх выбарчых  акругах Магілёўшчыны ад дэмакратычных арганізацый плануюць вылучацца шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў у якасці кандыдатаў у дэпутаты па Горацкай выбарчай акрузе №82 прадстаўнік Руху “За свабоду” Андрэй Юркоў і па Шклоўскай выбарчай акрузе №90 прадстаўнік кампаніі “Гавары праўду” Пётр Шымбалёў.

Салігорск: збіраць подпісы выбаршчыкаў забаронена на Цэнтральнай плошчы і каля помнікаў

Салігорскім райвыканкам апублікаваў пералік месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў. Непрыемнай навіной для будучых кандыдатаў стала забарона збору подпісаў на Цэнтральнай плошчы гораду і каля помнікаў архітэктуры, гісторыі і культуры.

Акрамя Цэнтральнай плошчы і пляцовак для гарадскіх і раённых помнікаў у спіс месцаў, забароненых для збору подпісаў выбаршчыкаў ужо традыцыйна ўвайшлі аб’екты чыгункі, пешаходныя пераходы, а таксама тэрыторыі, што ўваходзяць у пяцідзесяці метровую зону ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў улады, суда, органаў пракуратуры, установах аховы здароўя ды тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць і бяспеку дзяржавы.

У рашэнні Салігорскага райвыканкаму не тлумачыцца, якія менавіта арганізацыі адносяцца да тых, што забяспечваюць абараназдольнасць і бяспеку дзяржавы ў Салігорскім раёне. На думку мясцовых праваабаронцаў, адсутнасць у рашэнні выканкаму адназначна ідэнтыфікуемага пераліку месцаў і тэрыторый канкрэтных арганізацый, што забяспечваюць вышэйадзанчаную абараназдольнасць і бяспеку дзяржавы на Салігоршчыне, могуць стаць прычынай узнікнення парушэнняў і канфліктных сітуацый пры зборы подпісаў ініцыятыўнымі групамі кандыдатаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары