Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Слуцк: падаць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Аліне Нагорнай удалося толькі пасля званка ў ЦВК

Аліна Нагорная, фота з асабістай старонкі ў Фэйсбуку
Аліна Нагорная, фота з асабістай старонкі ў Фэйсбуку

Падаць дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы ў акруговым выбаркаме Слуцкай выбарчай акругі №67 патэнцыйнай кандыдатцы ў дэпутаты Аліне Нагорнай удалося толькі пасля званка ў Цэнтральную выбарчую камісію.

Дакументы на рэгістрацыю Аліна Нагорная панесла 28-га чэрвеня, на наступны дзень пасля ўтварэння камісіі прэзідыюмам Мінскага абласнога Савета дэптутаў і Мінскім абласным выканаўчым камітэтам. Ужо традыцыйна акруговы выбаркам месціца ў будынку мясцовага выканкаўчага камітэту, але ніякіх шыльдаў ці абвестак аб аго месцазнаходжанні Аліна і сябра яе ініцыятыўнай групы Юры Мяцельскі нідзе не знайшлі.

- У буднія дні камісія мусіць працаваць з 10-ці да 19-ці з перапынкам на абед з 14-ай да 15-й гадзіны. Мы прыйшлі дзесці а 16-й, але на ўваходзе ніякай інфармацыі аб месцазнаходжанні выбаркаму не знайшлі. Скіраваліся ў 105-ы кабінет, дзе выбаркам працаваў у мінулыя гады, але там было зачынена, і таксама ні шыльдаў, ні абвестак аб месцы і часе працы камсіі не было, - кажа Аліна Нагорная. - Папрасілі дапамогі ў міліцыянта, што дзяжурыць у выканкаме. Ён скіраваў нас у нейкі кабінет на чацвёрты паверх. Там таксама нічога пра камісію не ведалі, але пачалі некуды актыўна тэлефанаваць. Урэшце выявілася, што ніхто нам у гэтым пытанні дапамагчы не можа. Я пачувала сябе неверагодна разгубленай. Ужо сыходзячы з выканкаму, мы вырашылі патэлефанаваць у ЦВК. Там паабяцалі разабрацца.

Праз дзесяць хвілін пасля званка ў Цэнтрвыбаркам з’явілася жанчына, якая адчыніла 105 кабінет. Па словах Юрыя Мяцельскага, у памяшканні быў толькі пыл, а хоць якія сведчанні працы камісіі адустнічалі. Тут таксама варта нагадаць, што ў склад слуцкага акруговага выбаркаму не былі ўключаныя прадстаўнікі дэмакратычных сіл. Адным з аргументаў неўключэння чыноўнікі традыцыйна называлі адсутнасць адпаведнага досведу. Аднак, як выявілася падчас падачы дакументаў для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, у адабраных уладамі “дасведчаных” сяброў камісіі цяжкасці ўзнікаюць нават з запаўненнем журнала рэгістрацыі заяваў.

Што да агульнай колькасці зарэгістраваных ініцыятыўных груп па зборы подпісаў па Слуцкай выбарчай акрузе №67, дык па стане на 1-га ліпеня, акрамя групы Аліны Нагорнай, якая з’яўляецца прадстаўніцай Руху “За Свабоду”, свае пасведчанні атрымалі сябры ініцыятыўных груп яшчэ двух прэтэндэнтаў на дэпутатцкі мандат. Гэта ініцыятыўная група Кацярыны Шуст - прадстаўніцы Партыі БНФ і ініцыятыўная група Арцёма Маліноўскага, 22-гадовага студэнт са Слуцкага раёна, які адкрыта прызнае, што ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі ў якасці “спарынг-партнёра” для іншага кандыдата ад улады.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары