Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бабруйск: старшыня камісіі раіла назіральніцы "падцерціся скаргай"

Незвычайны стыль зносінаў з незалежнымі назіральнікамі прадэмастравала Ксенія Лапцева, старшыня выбарчай камісіі №2 (Ленінскі раён). Гэты ўчастак размяшчаўся ў Цэнтры вольнага часу і творчасці, на ім працавалі назіральнікі Аляксандр Магільчанка і Ірына Ануфрыева.

-Мяне выдалілі з участку, і мая жонка Ірына засталася назіраць там адна, - распавядае Аляксандр Магільчанка. - Ёй не далі магчымасць знаходзіцца побач са сталом, калі ішоў падлік галасоў, і яна напісала скаргу. Пакуль яна яе пісала, старшыня камісіі Ксенія Лапцева пачала падымацца на другі паверх у свой працоўны кабінет -- яна дырэктарка гэтага Цэнтру. Ірына пайшла за ёй, патлумачыла, што хоча аформіць скаргу, але старшыня камісіі скамячыла аркуш, кінула яго пад ногі назіральніцы, і сказала "падцяры ёй ж..!" Канечне, усе мы ў шоку, і не чакалі такога ад жанчыны, якая займае пасаду дырэктаркі Цэнтру творчасці, - кажа Аляксандр Магільчанка.

Нагадаем, раней на гэтым участку ўжо ўзнікаў канфлікт з-за нязручных месцаў, якія вызначылі сябры камісіі для назіральнікаў. 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары