Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бабруйск: умовы назірання за галасаваннем -- няпростыя

Бабруйск. Умовы для назірання на ўчастках №35 і №36.
Бабруйск. Умовы для назірання на ўчастках №35 і №36.

У школе №20 Бабруйску размешчаны два выбарчыя ўчасткі - №35 і №36. Галіна Смірнова, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Алега Жалнова кажа, што для назіральнікаў тут няма ніякіх умоў.

-Два ўчасткі знаходзяцца ў кабінеце дырэктара, назіральнікам спачатку дазволілі сядзець у прыёмнай на канапе. Пасля сказалі, што і на канапах нельга, трэба знаходзіцца па-за памяшканнем, каб нікому не перашкаджаць. Назіральнікам сказалі: "Калі моцна захочаце, усё ўбачыце". На мяне абяцалі скласці скаргу за тое, што падыйшла да выбарчага ўчастку бліжэй, чым на тры метры. Але праблема ў тым, што там наогул ад парога прыёмнай да ўчастка-кабінета дырэктара і двух метраў не будзе. То бок я, як давераная асоба кандыдата, магу назіраць за працэсам толькі праз сцяну ці вакно, - распавядае Галіна Смірнова.

На ўчастку № 2, які знаходзіцца ў Цэнтры вольнага часу і творчасці (Куйбышава-59), сябры камісіі таксама адразу вызначылі для незалежнага назіральніка вельмі нязручнае месца: за калонай. Мясцовая каардынатарка кампаніі "Права выбару" Алена Мядзведзева кажа, што спачатку назіральнік спрабаваў самастойна вырашыць праблему, але сябры камісіі на яго "накрычалі".

-Калі наш назіральнік сядаў на адзін бок стала, бачыў з-за калоны толькі сябраў камісіі, на другім баку стала толькі скрыню для галасавання, - тлумачыць Алена Мядзведзева. - На ўсе просьбы перасадзіць яго на больш зручнае месца сябры камісіі рэагавалі крыкам. Я прыехала на ўчастак, і на мяне таксама яны крычалі, што тут у іх будзе буфет, тут артысты. Я проста патэлефанавала ў акруговую камісію і дала паслухаць старшыні, які тут стаіць крык. Праз пару гадзін назіральнік мне паведаміў, што яго ўсё ж перасадзілі на больш зручнае месца.

Бабруйск. Умовы для назірання на ўчастках №35 і №36.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары