Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Назіральнікі са Слуцка і Салігорска крытыкуюць ход датэрміновага галасавання

З кожным днём датэрміновага галасавання колькасць крытычных заўваг у незалежных назіральнікаў па Слуцкай выбарчай акрузе №67 і Салігорскай выбарчай акрузе №68 толькі расце.

Прадастаўнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” на слуцкім участку №29 Юры Мяцельскі звяртае ўвагу адразу на некалькі важных момантаў:

- Сэйф камісіі з бюлетэнямі, пячаткамі і іншымі дакументамі знаходзіцца не ў памяшканні для галасавання, як таго патрабуе нават распрацаваная ЦВК метатычка. Нягледзячы на мае вусныя і пісьмовыя звароты да старшыні камісіі Святланы Жукоўскай, выконваць гэты пункт камісія фактычна адмовілася. Не дапамог нават званок у ЦВК, дзе мне паабяцалі прыняць адпаведныя меры.

Маюцца ў назіральніка прэтэнзіі і да працэдуры апячатвання шчыліны ў скрыні для датэрміновага галасавання:

- На ўчастку маецца сур’ёзная праблема з доступам да змесціва скрыні падчас абедзеннага перапынку і ўначы. Па вялікім рахунку кожны раз шчыліну для ўкідвання бюлетэняў у скрыню трэба апячатваць. Практыка сведчыць, што на беларускіх выбарах паперку з подпісамі сяброў камісіі на гэтай шчыліне мацуюць проста з дапамогай клею. Камісія ж на ўчастку №29 гэтую паперку вырашыла ўвогуле прыклейваць скотчам, што стварае рэальную магчымасць несанкцыянаванага ўкідвання бюлетэняў без пашкоджання гэтай паперкі з подпісамі. Адзін з чальцоў камісіі цалкам сур’ёзна прапаноўваў выкарыстоўваць адну і тую ж паперку з гэтым скотчам цягам усіх дзён для датэрміновага галасавання, - кажа Юры Мяцельскі. - Учора ўвечары падчас гэтай пацэдуры прысутнічаў нават сябра акруговай камісіі, які ў прысутных назіральнікаў пацікавіўся меркаваннем наконт такога спосабу апячатвання шчыліны. Праўладных назіральнікаў усё задаволіла, мой жа напарнік выказаў нязгоду. Урэшце прадстаўнік акруговага выбаркаму даў дабро на выкарыстанне скотчу.

Таксама Юрыем Мяцельскім выяўленыя факты выдачы бюлетэняў выбаршчыкам не па пашпарце, а па ксеракопіі гэтага дакумента. Назіральнік са слуцкага ўчастка №21 Віталь Амяльковіч кажа пра адваротную сітуацыю, пры наяўнасці пашпарта з адпаведнай прапіскай выбарцам не дазвалаюць прагаласаваць:

- Даволі частыя выпадкі, калі на датэрміновае галасаванне прыходзяць людзі, не ўнесеныя ў спіс выбаршчыкаў, але якія маюць на руках пашпарт з рэгістрацыяй па адрасе, што адносіцца да гэтага выбарчага ўчастку. У беларускіх рэаліях гэта можа прагучаць крыху дзіўна, але ў кожным разе такіх выбаршчыкаў прасілі прыйсці прагаласаваць у асноўны дзень выбараў. Пры гэтым адных камісія адразу ўносіла ў спіс выбаршчыкаў, а іншым абяцала зрабіць гэта ў асноўны дзень выбараў, - паведамляе незалежны назіральнік.

Таксама Віталь Амяльковіч адзначае, што на яго ўчастку, змешчаным у медычным каледжы, за чатыры дні датэрміновага галасавання свой выбар зрабіла ўжо каля сарака адсоткаў ад спісачнай колькасці выбаршчыкаў. Ускосная ж інфармацыя аб прымусовым характары гэткага масавага галасавання пацьвердзілася і фактычнымі сведчаннямі. Адна са студэнтак медкаледжу на ўчастку прызналася, што настойлівыя “просьбы” аб неабходасці прагаласаваць датэрмінова сыходзяць ад куратараў навучальных груп.

Сярод іншых заўваг Віталя Амяльковіча варта адзначыць упартае нежаданне камісіі апячатваць памяшканне для захоўвання скрыняў для галасавання і сейфа з бюлетэнямі і іншымі дакументамі ў абедзенных перапынках і на ноч. Адзінае, на што дала згоду старшыня камісіі, гэта дадаткове апячатванне на гэты час самога сейфу.

Вартая ўвагі і інфармацыя ад незалежнага назіральніка з участка №24 па Салігорскай гарадской выбарчай акрузе №68 Уладізміра Шылы. Так, за чатыры дні датэрміновага галасавання на гэтым участку свае галасы пакінулі каля ста пяцідзесяці чалавек. На суседнім жа ўчастку №23, які па колькасці і сацыяльна-дэмаграфічным склдзе выбаршчыкаў падобны на участак №24, афіцыйная лічба тых, хто прыняў удзел у галасаванні за гэты ж перыяд, удвая большая. Тут варта адзначыць, што на апошнім участку незалежнае назіранне адсутнічае.

Назіральнік з салігорскага гарадскога ўчастка №19 Леанід Мархотка адзначае, што старшыня камісіі Валянціна Каштальян была не задаволеная публікацыяй ў сродках масавай інфармацыі крытычных заўвагаў па працы падначаленай ёй камісіі. Зрэшты, галоўную з прэтэнзій -- знаходжанне вялікай колькасці старонніх людзей на ўчастку для галасавання, камісія выпраўляць дагэтуль упарта адмаўляецца.  

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары