Назіральнікі фіксуюць прымус да датэрміновага галасавання на Случчыне і Салігоршчыне
Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” па Слуцкай выбарчай акрузе №67 і Салігорскай гарадской выбарчай акрузе №68 фіксуюць выпадкі прымусовага ўдзелу выбаршчыкаў у датэрміновым галасаванні. На некаторых участках датэрміновае галасаванне мае масавы характар.
Паведамляе салігорскі незалежны назіральнік з участка №19 Леанід Мархотка:
- Бачна, што працэс адміністрацыйнага ціску на прадпрыемствах пайшоў, бо пад канец працоўнага дня ужо пачынаюць прыходзіць людзі не па аднаму ці ўдвох, а такімі арганізаванымі групкамі чалавек па пяць, па шэсць. Самі выбаршчыкі не хаваюць, што галасуюць датэрмінова з-за ціску на працы. У прыватнасці, такая інфармацыя на ўчастку агучвалася работнікам першага рудаўпраўлення Беларуськалія.
Каб заманіць выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне, выкарыстоўваюцца і іншыя адміністрацыйныя метады:
- Напрыклад, у салігорскай школе №1 знаходзіцца адразу чатыры ўчасткі для галасавання. Дзіўным чынам акурат у гэтыя дні адміністрацыя школы, супрацоўнікі якой між іншым прымаюць актыўны ўдзел у выбарах у якасці сябраў учасктовых выбаркамаў, а дырэктарка школы нават узначальвае адзін з іх, ладзіць бацькоўскія сходы. Зразумела, калі ўжо чалавек прыйшоў у школу, а фактычна на выбарчы ўчастак, дык да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні пры настойлівых просьбах адміністрацыі адзін крок, - кажа спадар Мархотка.
Незалежны назіральнік з салігорскага ўчастка №24 Уладзімір Шыла звартае ўвагу нават не на прымус выбаршчыкаў да датэрміновага галасавання, а на прымус праўладных назіральнікаў да назірання:
- На ўчастках без незалежнага назірання ніякіх іншых назіральнікаў фактычна не прысутнічае. На тых жа ўчастках, дзе прысутнічаюць прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, ёсць і так званыя праўладныя назіральнікі. Па іх уласных словах, удзельнічаюць яны не па ўласным жаданні, а праз ціск адміністрацыі на працоўным месцы. Ёсць выпадкі, калі гэткія назіральнікі ўвогуле не ведаюць, што за выбары адбываюцца і што за кандыдаты ў іх удзельнічаюць. Усё гэта выглядае досыць абсурдна. На маім участку не толькі старшыня і сябры камісіі з’яўляюцца дырэктарам і паднчаленымі яму супрацоўнікамі перашага рудаўпраўлення Беларуськалія, але нават праўладныя псеўданазіральнікі з’яўляюцца работнікамі гэтага ж рудніка. Спадар Гарбачоў, той самы дырэктар і старшыня камісіі, нават не хаваючыся, наўпрост аддае загады сваім падначаленым-назіральнікам, калі ім сядзець на ўчастку, а калі ісці на працу.
Аналагічная сітуацыя назіраецца і па Слуцкай выбарчай акрузе №67. Назіральнік з участка №21 Віталь Амяльковіч адзначае массавы ўдзел у датэрміновым галасаванні навучэнцаў медычнага каледжу, якія ўжо за першыя два дні галасавання забяспечылі яўку ў дваццаць адсоткаў. Выбарчая камісія па гэтым участку, у склад якой уваходзяць пераважна супрацоўнікі медкаледжа, а старшынёй з’яўляецца намесніца дырэктара Алена Казлоўская, ужо нават загаддзя для датэрміновага галасавання абрала найбольшую скрыню, а на асноўны дзень выбараў пакінула маленькую.
Пра прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні на Случчыне паведамляе і незалежны назіральнік з участка №13 Анатоль Болазь. У прыватнасці, пра такія выпадкі паведамляюць супрацоўнікі слуцкай ЖКГ, якія праз ціск адміністрацыі вымушаны ісці на ўчасткі для галасавання датэрмінова.