Праўладны кандыдат Людміла Макарына-Кібак парушае выбарчае заканадаўства
Да назіральніцы кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянціны Свяцкай звярнуўся адзін з кандыдатаў па Грушаўскай выбарчай акрузе №99 Сяргей Талецкі, які вылучаны ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Ён паведаміў, што іншы праўладны кандыдат па яго акрузе - галоўны ўрач “Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру атарыналарынгаогіі” Людміла Макарына-Кібак парушае выбарчае заканадаўства.
Так, пра Людмілу Макарыну-Кібак неаднаразова пісалі на сайце адміністрацыі Маскоўскага раёна, інфармавалі грамадзянаў пра сустрэчы з ёй і пісалі справаздачы пра сустрэчы, што ўжо адбыліся. Акрамя таго, у выпуску навінаў па беларускаму тэлебачанню кандыдату быў прадстаўлены эфірны час, дзе яна была паказаная на працоўным месцы і вяла прыём грамадзянаў. У той час, як усе кандыдаты ў дэпутаты ў адпаведнасці з нормамі выбарчага заканадаўства абавязаныя быць вызваленыя ад працы на час выбарчай кампаніі.
Больш за тое, у РНПЦ, які ўзначальвае Людміла Макарына-Кібак, арганізаваны выбарчы ўчастак №274, што стварае перавагу службовага становішча гэтага кандыдта ў дэпутаты перад іншымі кандыдатамі.
Варта адзначыць, што у склад участкой камісіі №274 уключаныя асобы, якія з’яўляюцца супрацоўнікамі РНПЦ і знаходзяцца ў службовай залежнасці ад свайго кіраўніка: старшынёй камісіі абраная Яўгенія Грыб, а сябрай камісіі – Святлана Шылава.
“А пацыенты, якія знаходзяцца на лячэнні ў РНПЦ, пры галасаванні будуць залежыць у сваім выбары ад дырэктара лячэбнай установы.
Такая сітуацыя стварае больш выгадныя ўмовы для правядзення перадвыбарчай агітацыі і садзейнічае абранню Макарынай-Кібак дэпутатам. Для астатніх кандыдатаў такіх магчымасцяў няма, што парушае роўнасць правоў кандыдатаў у дэпутаты, прадугледжанныя Выбарчым кодэксам”, - звяртае ўвагу Сяргей Талецкі.
Валянціна Свяцкая кажа, што Сяргей Талецкі звярнуўся да яе, каб праінфармаваць пра факты парушэнняў:
“Я параіла яму звярнуцца са скаргай у акруговую выбарчую камісію і Цэнтральную выбарчую камісію, таму што ў ЦВК ёсць яшчэ і Назіральны савет, які павінен адсочваць усе сродкі масавай інфармацыі, каб выконваліся нормы выбарчага кодэкса пра прадастаўленне роўных правоў і магчымасцяў усім кандыдатам у дэпытаты Палаты прадстаўнікоў. Тут пра роўныя правы і магчымасці гаворкі быць не можа”.
“Мне вельмі хочацца прысутнічаць на паседжанні, дзе будзе разглядацца пытанне пра парушэнне, і вельмі хочацца пачуць, якое папярэджанне будзе вынесенае спадарыне Макарынай-Кібак, і ці будзе яно вынесенае ўвогуле”, - сказала Валянціна Свяцкая.