Адміністрацыі раёнаў Мінска прасоўваюць праўладных кандыдатаў і замоўчваюць пра незалежных
Агітацыйная кампанія кандыдатаў у дэпутаты ў самым разгары. У тым ліку зараз актыўна праводяцца і сустрэчы з выбаршчыкамі. Толькі вось на сайтах адміністрацый раёнаў Мінска планамерна прасоўваюцца праўладныя кандыдаты, а пра альтэрнатыўных – нават не ўзгадваюць.
Так на сайце адміністрацыі Маскоўскага раёна ёсць расклад пра сустрэчы толькі трох кандыдатаў па трох выбарчых акругах: Ігара Камароўскага ў Паўднёва-Заходняй акрузе №98, Людмілы Макарынай-Кібак у Грушаўскай акрузе №99 і Аксаны Гайдук у Ясенінскай акрузе №100.
Менавіта пра гэтых кандыдатаў з’яўляецца інфармацыя і па выніках іх сустрэчаў з выбаршчыкамі.
Дзе размяшчаецца інфармацыі пра сустрэчы астатніх 12 кандыдатаў, якія вылучаюцца па трох згаданых акругах, невядома.
Аналагічную сітуацыю можна назіраць і на сайце адміністрацыі Савецкага раёна, дзе актыўна піярацца сустрэчы з выбаршчыкамі двух праўладных кандыдатаў – дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Дзмітрыя Шаўцова па Коласаўскай акрузе №106 і дзеючага дэпутата Мінгарсавета Аляксея Сокала па Усходняй акрузе №107.
На сайце адміністрацыі Заводскага раёна з сямі кандыдатаў сустракацца з выбаршчыкамі “плануе” толькі яшчэ адзін дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Барадзеня.
А вось адміністрацыя Цэнтральнага раёна ўсё ж размясціла інфармацыю пра адну сустрэчу Віктара Цярэшчанкі, і ажно пра тры сустрэчы праўладнага Андрэя Козіка.
Пры гэтым назіральнікамі неаднаразова заўважаныя выпадкі публікацыі навінаў пра мерапрыемствы на сайтах адміністрацый, дзе так ці інакш былі задейнічаныя праўладныя кандыдаты. Так, Дзмітрый Шаўцоў віншаваў удзельніка шэрагу баявых дзеянняў у гады Другой сусветнай вайны з юбілеем, Вольга Мычко прыняла ўдзел у мітынгу ў падтрымку выбараў, Таццяна Сайганава і Валеры Варанецкі паўдзельнічалі ў раённым этапе праекта БРСМ “Адкрыты дыялог”.
Назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянціна Свяцкая мяркуе, што пад час правядзення “Свята горада”, што адбудзецца 3 верасня ў Мінску, хутчэй за ўсё на ўсіх святочных раённых пляцоўках будуць прысутнічаць праўладныя кандыдаты у дэпутаты, і не выпадкова святкаванне было перанесена на тыдзень раней, да правядзення выбараў.