Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Брэсцкай вобласці колькасць кандыдатаў скарацілася яшчэ на чатыры асобы

Так, у Кобрыне акруговая камісія ануляваляла рэгістрацыю прадстаўніка Ліберальна-дэмакратычнай партыі, а ў Брэсце і Баранавічах вырашылі адмовіцца ад удзелу ў выбарах вылучэнцы працоўных калектываў.

На паседжанні камісіі Кобрынскай выбарчай акругі №12 было прынята рашэнне скасаваць рэгістрацыю ў якасці кандыдата ў дэпутаты па гэтай акрузе Мікалая Арцямчука, якога вылучыла Ліберальна-дэмакратычная партыя. У акруговым выбаркаме патлумачылі, што падставай для такога рашэння з’явілася тое, што прадстаўніка ЛДП, які працуе машыністам на замежным прадпрыемстве ў Брэсце, двойчы папярэджвалі пра неабходнасць прадставіць у выбарчую камісію дакумент, які б сведчыў, што пасля рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Мікалай Арцямчук вызвалены ад выканання службовых абавязкаў альбо сыйшоў у адпачынак.

Гэтаму прэтэндэнту было вынесена пісьмовае папярэджанне, але ніякіх дакументаў Арцямчук усё роўна не прадставіў. Невыкананне згаданага патрабавання выбарчага заканадаўства на перыяд агітацыі ў камісіі Кобрынскай выбарчай акругі №12 палічылі сур’ёзным парушэннем, вартым таго, каб скасаваць уласнае рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты. У Мікалая Арцямчука яшчэ ёсць мачымасць аспрэчыць адмену рэгістрацыі ў Брэсцкай абласной выбарчай камісіі.

Таксама стала вядома, што раптоўна скарацілася колькасць кандыдатаў дэпутатаў у двух брэсцкіх выбарчых акругах. Знялі свае кандыдатуры дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра моладзевай творчасці Іван Васіленка (вылучаўся ў Брэсцкай-Цэнтральнай акрузе №2) і галоўны лекар Брэсцкай цэнтральнай паліклінікі Сяргей Кляус (вылучаўся ў Брэсцкай-Памежнай акрузе №4). Аналагічную заяву ў выбаркам Баранавіцкай-Заходняй акругі №5 накіравала дырэктар мясцовай гімназіі №5 Таццяна Шэстак.

Усіх гэтых – цяпер ужо былых прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат – аб’ядноўвае тое, што яны працуюць у бюджэтных структурах і вылучаліся ад працоўных калектываў. Цалкам верагодна, што на сёлетніх выбарах яны выконвалі ролю сваеасаблівых “дублёраў” тых кандыдатаў, хто, карыстаючыся адміністрацыйным рэсурсам, павінен трапіць у Палату прадстаўнікоў.    

Нагадаем, што раней (ужо пасля рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты)   

заявілі пра спыненне ўласнай выбарчай кампаніі другі сакратар Брэсцкага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Мікалай Лугаўской (вылучаўся ад Камуністычнай партыі Беларусі ў Белавежскай акрузе №8), начальнік Іванаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Елец (вылучаўся ад працоўнага калектыва ў Дняпроўска-Бугскай акрузе №10), інжынер-энергетык прыватнай фірмы з Брэста Ксенія Епішка (вылучалася ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі ў Івацэвіцкай акрузе №11), а таксама дырэктар ААТ “Баранавіцкі завод запасных частак “Автако” Барыс Пацейка (вылучаўся па Баранавіцкай-Усходняй акрузе №6 ад працоўнага калектыва).

Такім чынам, у Брэсцкай вобласці на 16 выбарчых акругаў засталося 67 кандыдатаў у дэпутаты.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары