Салігорск: перадвыбачая агітацыйная актыўнасць кандыдатаў узрасла
У беларускай сталіцы шахцёраў выбаршчыкі нарэшце змаглі пабачыць агітацыйную кампанію кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага склікання. Зрэшты, вялікага ажыятажу і цікавасці ў салігорцаў гэты не выклікала.
Пасля двух тыдняў маўчання некаторыя з кандыдатаў актыўна пачалі палітычную барацьбу за галасы і прыхілнасць салігорскіх выбаршчыкаў. Мясцовыя прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначаюць, што рэальная барацьба вядзецца толькі паміж двума кандыдатамі па Салігорскай гарадской выбарчай акрузе №68. Гаворка пра беспартыйнага прадстаўніка ўлады Андрэя Рыбака і сябра дэмакратычнай партыі АГП Аляксандра Малочку. Яны і іх перадвыбарчыя штабы ладзяць пікеты і сустрэчы з выбаршчыкамі, распаўсюджваюць свае ўлёткі і іншую друкаваную прадукцыю. У Салігорску, бадай упершыню ў гісторыі, з’явіліся нават перадвыбарчыя білборды.
Іншыя два кандыдаты па гэтай акрузе, Міхаіл Сцяпурка і Алег Шчэрбаў, удзелу ў агітацыйнай кампаніі амаль не прымаюць. У адсутнасць рэальнай дэмакратычнай альтэрнатывы па Салігорскай сельскай выбарчай акрузе №69 агітацыйныя кампаніі праўладнай кандыдаткай Юліяй Мурыной і яе відавочнага спарынг-партнёра Андрэя Драбені па-ранейшаму застаюцца малазаўважнымі.
Зрэшты, найбольш актыўную агітацыю развярнулі ўлады і кантраляваныя імі грамадскія арганізацыі, якія заклікаюць выбаршчыкаў прыйсці на ўчасткі для галасавання. У горадзе ладзяцца адпведныя пікеты з раздачай улётак пад сцягамі БРСМ, а на мясцовым дзяржаўным тэлебачанні, ў дзяржаўнай прэсе і на вялікіх гарадскіх электронных экранах стала фігуруць заклікі да ўдзелу ў галасаванні.