Салігорск: агітацыйны этап выбарчай кампаніі праходзіць малазаўважна
Два тыдні мінула з моманту рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты на абедзьвюх салігорскіх выбарчых акругах, аднак агітацыйнай кампаніі тутэйшыя выбаршчыкі дагэтуль не пабачылі.
Мясцовы прадстаўнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леанід Мархотка праехаўся па сталіцы шахцёраў на ровары, паразмаўляў з гараджанамі і зрабіў несуцяшальныя высновы пра ход агітацыйнага этапу выбарчай кампаніі:
- Сітуацыя выглядае трохі дзіўна. У той час, як многія прадстаўнікі дэмакратычных сіл у Беларусі хацелі б павялічыць тэрмін агітацыйнай кампаніі, у тым ліку зрабіць яе магчымай падчас збору подпісаў, на Салігоршчыне нават у першыя два тыдні з афіцыйна адведзенага на гэта месяца агітацыя была малазаўважнай. Я адмыслова шукаў у горадзе візуальную прадукцыю кандыдатаў, але нічога знайсці ў мяне не атрымался. І гэта тычыцца як кандыдатаў улады і іх спарынг-партнёраў, так і дэмакратычнай апазіцыі. У гэтыя дні я маю шмат кантактаў з розным людзьмі. Натуральна, салігорцы ведаюць, што хутка выбары, але кандыдаты і іх палітычныя погляды людзям малавядомы, - кажа праваабаронца.
Такю сітуацыю спадар Мархотка тулмачыць адустнасцю веры ў справядлівасць выбарчай працэдуры:
- На жаль, пакуль мала сведчанняў таго, што сёлетнія выбары, прынамсі на Салігоршчыне, кардынальна адрозніваюцца ад ранейшых. Адсюль і малая цікавасць да іх з боку ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу. Апазіцыя не бачыць магчымасці забяспечыць празрысты падлік галасоў, таму асабліва і не актыўнічае. Відавочна, марнаваць свае рэсурсы ў такіх умовах не жадаюць і ўпэўнены ў сваёй “перамозе” кандыдаты ад улады. З размоваў з выбарцамі зразумела, што яны ўвогуле не бачаць у Палаце прадстаўнікоў нейкую сур’ёзную палітычную сілу, ад якой залежыць іх будучыня. Фактычна ігнаруюць выбарчую кампанію і мясцовыя сродкі масавай інфармацыі.
Зрэшты, заўважае незалежны назіральнік, да дня выбараў яшчэ застаецца два з паловаю тыдня і сітуацыя можа часткова змяніцца.