У Брэсце перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў друкуюцца ў адной газеце, але рознымі накладамі
Кіраўнік абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі, які балатуецца ў Палату прадстаўнікоў па Брэсцкай-Памежнай выбарчай акрузе №4, накіраваў скаргу ў акруговы выбаркам і рэдакцыю газеты “Вячэрні Брэст”.
У сваёй заяве прэтэндэнт на дэпутацкі мандат звяртае ўвагу на тое, што ягоная перадвыбарчая праграма была апублікавана ў №67 гэтай газеты ад 24 жніўня накладам 4300 асобнікаў. Разам з тым, перадвыбарчая праграма цяперашняга дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Базанава (якога Ігар Маслоўскі лічыць сваім асноўным канкурэнтам) таксама апублікавана ў газеце “Вячэрні Брэст”, але ў №66 ад 19 жніўня, які выйшаў накладам 10000 асобнікаў.
“Адпаведна, перадвыбарчую праграму Уладзіміра Базанава атрымалі на 5700 сем'яў больш, чым маю, - заўважае лідар брэсцкіх сацыял-дэмакратаў. - Калі ўлічыць, што ў сярэднім у кватэры пражывае 3 выбаршчыкі, то ў цэлым гэта можа складаць парадку 17 100 выбаршчыкаў”. На думку Ігара Маслоўскага, такім чынам парушаюцца асноўныя прынцыпы правядзення выбараў, якія выкладзены ў артыкуле 3 Выбарчага кодэкса РБ, дзе гаворыцца, што выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў з'яўляюцца свабоднымі і праводзяцца на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаванні.
Акрамя таго, у адпаведнасці з артыкулам 46 Выбарчага кодэкса РБ кандыдаты, а таксама палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб'яднанні, працоўныя калектывы, грамадзяне, якія вылучылі гэтых кандыдатаў, з часу рэгiстрацыi на роўных правах карыстаюцца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі. Дзяржаўныя СМІ, выданні, што часткова фінансуюцца з рэспубліканскага або мясцовага бюджэтаў, а таксама сродкі масавай інфармацыі, адным з заснавальнікаў якіх выступаюць дзяржаўныя органы ці арганізацыі, абавязаны забяспечваць роўныя магчымасці для перадвыбарчых выступаў кандыдатаў.
У сувязі з гэтым Ігар Маслоўскі лічыць, што ў ягоным выпадку быў парушаны адзін з асноўных прынцыпаў Выбарчага кодэкса РБ, а таму кандыдат у дэпутаты просіць прыняць захады па аднаўленню сваіх правоў, а таксама ліквідаваць пералічаныя парушэнні выбарчага заканадаўства.
Раней рэдакцыя газеты “Вячэрні Брэст” адмаўлялася друкаваць перадвыбарчую праграму Ігара Маслоўскага, спаслаўшыся на тое, што некаторыя яе фрагменты могуць быць успрыняты як “абраза на адрас людзей розных прафесій”. Пасля ўмяшальніцтва выбарчай камісіі ў газеце знялі свае прэтэнзіі да тэкста кандыдата ў дэпутаты.