У Брэсце кіраўніку мясцовых сацыял-дэмакратаў адмовілі ў публікацыі перадвыбарчага артыкула (дакумент)
Рэдакцыя газеты “Вечерний Брест” прапанавала старшыні абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігару Маслоўскаму, які балатуецца ў якасці кандыдата ў дэпутаты па Брэсцкай-Памежнай акрузе №4, унесці змены ў тэкст сваёй агітацыйнай публікацыі.
У афіцыйным адказе за подпісам выконваючага абавязкі рэдактара газеты Наталлі Васюк гаворыцца, што матэрыял Ігара Маслоўскага не можа быць прыняты да публікацыі, бо ў ім утрымліваюцца заявы, што могуць быць успрынятыя як “абраза на адрас людзей розных прафесій”.
Размова ідзе пра наступны фрагмент публікацыі: “Не падтрымлівайце на выбарах лекараў, ваенных і іншых добрых людзей – яны кандыдаты ад улады. Усе яны добрыя людзі пакуль на сваім месцы, але ўсе яны залежныя ад начальства і пераўтвараюцца ў “дрэнных” дэпутатаў. Гэтыя добрыя людзі галасуюць за тое, што ім кажуць. Менавіта з іх маўклівай згоды падвысілі пенсійны ўзрост, пазбавілі стажу тых, хто служыў у арміі, быў у дэкрэтным адпачынку, вучыўся ва ўніверсітэце і г.д. Менавіта яны падтрымалі падатак на беспрацоўных і нічога не зрабілі для стварэння новых рабочых месцаў”.
Рэдакцыя газеты прапанавала кандыдату ў дэпутаты змяніць фармулёўкі ў згаданым тэксце, але Ігар Маслоўскі не мае намеру адмаўляюцца ад сваіх слоў. “Выраз пра добрых людзей і дрэнных дэпутатаў – гэта наша прынцыповая пазіцыя. Калі выконваючы абавязкі рэдактара гэта не ведае, дык няхай выйдзе на вуліцу і спытае меркаванні жыхароў Брэста пра цяперашніх дэпутатаў. Яна пачуе ў сотні разоў больш негатыўныя водгукі пра іх дзейнасць”, - адзначыў кіраўнік брэсцкіх сацыял-дэмакратаў.
Ён таксама паведаміў пра намер абскардзіць адмову друкаваць свой агітацыйны матэрыял у адпаведнасці з заканадаўствам, бо лічыць гэты факт праявай цэнзуры.