Бабруйск: праграма па-беларуску – пакуль толькі ў кандыдаткі ад БХД
У газеце "Бабруйскае жыццё" пачалі з'яўляцца праграмы кандыдатаў. У № 34 ад 24 жніўня можна азнаёміцца з праграмамі Аляксандра Кісяля, Таццяны Гутаравай ("Гавары праўду"), Алега Жалнова (АГП) і Таісіі Кабанчук (БХД). Праграмы размешчаны на 3 і 4 старонках выдання, кожны кандыдат "заняў" па палове паласы.
Упершыню за доўгі час у газеце гарвыканкаму можна азнаёміцца з альтэрнатыўнымі меркаваннямі, агучанымі трыма незалежнымі кандыдатамі. На мінулых выбарах у парламент, напрыклад, праграмы цэнзураваліся, і матэрыялы сябра АГП Мацвея Хатары тагачасны рэдактар адмовіўся друкаваць бясплатна, з-за зместу.
Аляксандр Кісель у праграме засяродзіўся на праблемах пенсіянераў, беспрацоўных, людзей з інваліднасцю. Таксама гэты кандыдат выступае за супрацоўніцтва з усімі краінамі свету і развіццё малога і сярэдняга бізнэсу.
Таццяна Гутарава абяцае дабівацца адмены падатку на "дармаедства", пераходу да парламенцка-прэзідэнцкай формы кіравання, абмежавання тэрмінаў прэзідэнцкага кіравання. Таксама кандыдатка выступае за развіццё самакіравання, ліквідацыю ідэалагічных аддзелаў, фінансаванне на патрэбы дзяцей (садкі, клубы, лякарні, паліклінікі).
Алег Жалноў знаёміць выбаршчыкаў з асноўнымі тэзісамі партыйнай праграмы АГП "Мільён новых працоўных месцаў". Сярод ягоных праграмных пунктаў - свабода слова і выбараў, незалежныя суды, умацаванне незалежнасці краіны, роўныя магчымасці для жанчын і мужчын.
Адзіная праграма на беларускай мове належыць Таісіі Кабанчук. Кандыдатка крытыкуе чыноўнікаў, якія "ўсё больш залазяць у кішэні беларусаў... адбіраюць у нашых дзяцей будучыню", прапануе азнаёміцца з асноўнымі пунктамі праекту сістэмных рэформ, распрацаваных Беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі. Як і ў сваім тэлевыступе, Таісія Кабанчук заклікала бабруйчан удзельнічаць у незалежным назіранні, каб прадухіліць фальсіфікацыі.