Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Слуцкі акруговы выбаркам прымушаў выбаршчыкаў адмовіцца ад подпісаў за прыхільніка дзеючай улады

Прадстаўнікам кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” у Слуцку сталі вядомы факты прымусу выбаршчыкаў да адмовы ад сваіх подпісаў у падтрымку кандыдата Арцёма Маліноўскага з боку сяброў акруговага выбаркаму.

Арцём Маліноўскі -- адзін з самых маладых кандыдатаў у дэпутаты на сёлетніх парламенцкіх выбарах. Ён балатуецца па Слуцкай выбарчай аркузе №67, з’яўляецца самавылучэнцам і да таго ж палкім прыхільнікам дзеючыай улады. Зрэшты, апошняя акалічнасць не гарантавала яму і падпісантам за яго спакою і справядлівасці на гэтых выбарах. Пра акалічнасці скандальнага выпадку распавядае мясцовы незалежны назіральнік Беларускага Хельсінксага Камітэту Віталь Амяльковіч:

- Арацём Маліноўскі адным з першых зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу па зборы подпісаў. Ён абсалютна не хаваў сваёй прыхільнасці да дзеючай улады, адкрыта казаў, што не мае на гэтых выбарах вялікіх амбіцый, а толькі хоча стварыць альтэрнатыву. Здавалася, што гэта проста спарынг-партнёр для асноўнага кандыдата ад уладаў на выпадак байкоту выбараў дэмакратычнымі сіламі. Але пазней стала зразумела, што вылучэнне кандыдатам гэтага студэнта Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту ў планы ўладаў не ўваходзіла і ні з кім не ўзгаднялася.

Пра наяўнасць канфлікут паміж маладым самавылучэнцам і акруговым выбаркамам стала зразумела падчас паседжання па рэгістрацыі кандыдатаў.

- Старшыня камісіі абвесціў, што па яго подпісах праводзілася дадатковая праверка, і агулам было прызнана несапраўднымі чатырнаццаць з паловай працэнтаў подпісаў. Камісіі не хапіла літаральна паўадсотка, каб яго “зрэзаць” на гэтых выбарах. Потым старшыня звярнуўся дя яго асабіста, выказаў яму прэтэнзіі наконт кепскай якасць падпісных лістоў і наяўнасці шматлікіх заўваг да яго. Тут варта адзначыць, што раней мне, незалежнаму назіральніку, камісія забараніла прысутнічаць пры праверцы подпісаў і дакументаў па рэгістрацыі кандыдатаў, - кажа Віталь Амяльковіч. - Пасля гэтага Арцём Маліноўскі заявіў, што сам мае вельмі шмат заўваг да камісіі, у прыватнасці, да тых яе сябраў, якія правяралі сапраўднасць сабраных за яго подпісаў. Старшыня прапанаваў абмеркаваць гэта пасля паседжання, але мяне да гэтай размовы не дапусцілі.

Пазней Віталь Амяльковіч усё ж даведаўся падрабязансці ўзніклай канфілктнай сітуацыі. Выявілася, што Арцёму Маліноўскаму сталі вядомы факты, калі да выбаршчыкаў прыходзілі людзі і прымушалі адмаўляцца ад сваіх подпісаў. Больш за тое, шляхам падману выбаршчыкаў прымушалі падпісвацца пад актамі аб фальсіфікацыі іх подпісаў.

- Пра аналагічныя факты на мінулых парламенцкіх выбарах нам паведамаляў кандыдат ад дэмакратычнай апазіцыі Аляксандр Солап. З выбаркаму прыходзяць людзі, просяць выбаршчыка пацьвердзіць сапраўднасць уласнаручнага подпісу і распісацца ў адпаведным акце. Даверлівыя выбаршчыкі падпісваюць той акт не чытаючы, а потым высвятляецца, што ў акце яны пацьвердзілі не сапраўднасць свайго подпісу і дадзеных, а іх фальсіфікацыю, - гаворыць назіральнік ад БХК. - І гэтым разам тое самае. Арцёму Маліноўскаму стала вядома пра гэта, бо цяпер ў такую сітуацыю трапіў яго знаёмы, але перад тым як падпісаць акт, той вырашыў яго прачытаць і заўважыў падман. Многія яго знаёмыя пад ціскам і запалохваннямі рэальна адмаўляліся ад сваіх подпісаў у яго падтрымку.

Сам Арцём Маліноўскі вельмі моцна абураны ўзніклай сітуацыяй, але не схільны бачыць у ёй сістэмны характар і лічыць выпадак сваволлем мясцовага выбаркаму. Абскарджваць незаконныя дзенянні хлопец не збіраецца, бо ўжо мае на руках пасведчанне кандыдата і збіраецца актыўна ўключыцца ў агітацыйню кампанію.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары