Місія БДІПЧ АБСЕ сустрэлася з "Праваабаронцамі за свабодныя выбары"
Падчас сустрэчы, якая адбылася 8 жніўня ў офісе Праваабарончага цэнтра "Вясна", абмяркоўваліся розныя аспекты бягучай парламенцкай кампаніі, а таксама асобныя крокі ў працы ЦВК і нацыянальных незалежных назіральнікаў.
З боку БДІПЧ у сустрэчы прынялі ўдзел кіраўніца місіі Тана дэ Зулуэта, спецыяліст па палітычных справах Стэфан Швед і спецыяліст па выбарах Рашад Шырынаў. Кампанію "Праваабаронцы за свабодныя выбары" прадстаўлялі каардынатар ад ПЦ "Вясна" Уладзімір Лабковіч, аналітыкі Валянцін Стэфановіч і Павел Сапелка.
У размове з міжнароднымі назіральнікамі праваабаронцы далі ацэнку грамадска-палітычнаму фону, на якім праходзіць кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, у параўнанні з сітуацыяй вакол прэзідэнцкай кампаніі 2015 года. Асаблівая ўвага была ўдзеленая працы міжведамаснай экспертнай групы, створанай ЦВК для разгляду рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па пытаннях удасканалення выбарчага працэсу ў Беларусі.
“Мы далі ацэнку пастановаў, якія вынесла ЦВК па выніках працы гэтай міжведамаснай групы і вымушаныя былі адзначыць, што гэтыя пастановы, на жаль, не паспрыялі паляпшэнню сітуацыі з фармаваннем выбарчых камісій, а таксама не забяспечваюць празрыстасці працэдуры падліку галасоў, - распавёў Уладзімір Лабковіч. - Разам з тым, нам прыемна, што міжнародныя назіральнікі адзначылі важнасць незалежнага назірання за выбарамі і праяўляюць цікавасць да аналітычных матэрыялаў нашай кампаніі”.
Праваабаронца выказаў надзею, што гэтая першая сустрэча незалежных назіральнікаў з прадстаўнікамі місіі БДІПЧ АБСЕ будзе не адзінай, што за ёй будуць і іншыя сустрэчы як з сябрамі асноўнай каманды місіі, доўгатэрміновымі назіральнікамі і экспертамі, так і з кароткатэрміновымі, якія будуць працаваць па ўсёй рэспубліцы.
Нагадаем, што місія БДІПЧ АБСЕ па назіранні за выбарамі ў Беларусі распачала працу 2 жніўня. Як раней паведаміла журналістам кіраўнік місіі Тана дэ Зулуэта, ключавая каманда місіі, якая базуецца ў Мінску, уключае 11 экспертаў з 10 краінаў-сябраў АБСЕ, таксама ў Беларусь прыбудуць 38 доўгатэрміновых назіральнікаў з 13 краінаў. З 11 жніўня яны раз'едуцца для назірання за выбарамі па ўсёй рэспубліцы. Як чакаецца, да дня асноўнага галасавання ў Беларусь прыбудуць яшчэ 400 кароткатэрміновых назіральнікаў. На гэтым этапе да назірання далучацца і прадстаўнікі Парламенцкіх асамблеяў АБСЕ і Савета Еўропы, намаганні з якімі місія БДІПЧ АБСЕ плануе аб'яднаць у дзень выбараў.
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.