Прававы аналіз працэсу імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ пры правядзенні парламенцкіх выбараў 2016
Грамадская кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Прававы аналіз працэсу імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ
пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання
І. Прававы аналіз Пастановы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў "Аб растлумачэнні прымянення палажэнняў Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць парадак утварэння выбарчых камісій пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання" ад 8 чэрвеня 2016 года № 18.
Пастановай ЦВК № 18 ад 8 чэрвеня 2016 года ў цэлым захаваны прынцып вылучэння прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі: іх маюць права вылучаць палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні, сходы працоўных калектываў, грамадзяне ў колькасці не менш за 10 чалавек. Пры гэтым партыі і рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні могуць накіроўваць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, якiя ўтвараюцца на тэрыторыі адпаведнай вобласці і г. Мінска, калі ў гэтай вобласці або ў г. Мінску ў іх ёсць зарэгістраваныя арганізацыйныя структуры.
У Пастанове № 18 замацавана правіла, якое дазволіць уніфікаваць падыходы пры вырашэнні пытання аб прысутнасці назіральнікаў (прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, якія выказалі намер назіраць за выбарамі): пры правядзенні паседжання прэзідыума абласнога, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і абласнога, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, раённага, гарадскога выканаўчага камітэта, мясцовай адміністрацыі па ўтварэнні абласных, Мінскай гарадской, акруговых і ўчастковых выбарчых камісій маюць права прысутнічаць міжнародныя назіральнікі, акрэдытаваныя Цэнтральнай камісіяй; маюць права прысутнічаць прадстаўнікі палітычных партый, іншых рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў, назіральнікі ад якіх акрэдытаваныя пры Цэнтральнай камісіі (па адным ад палітычнай партыі, іншага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання). Для прысутнасці на паседжанні неабходна прад'явіць ліст аб накіраванні прадстаўніка на паседжанне (паседжанні) органаў, якія ўтвараюць камісіі, выраблены на бланку палітычнай партыі, іншага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання і падпісаны кіраўніком.
Раней неаднаразова назіральнікі падвяргалі крытыцы практыку стварэння камісій без абмеркавання кожнай кандыдатуры, галасавання за загадзя сфармаваны спіс прэтэндэнтаў, адсутнасць крытэраў адбору прэтэндэнтаў у камісіі і адсутнасць гарантый удзелу палітычных суб'ектаў у дзейнасці камісій.
Названай Пастановай гэтыя праблемы прадугледжваецца вырашыць наступнымі мерамі: перад прыняццем рашэння аб фармаванні выбарчай камісіі выносіцца на абмеркаванне пытанне аб дзелавых і палітычных якасцях асобаў, вылучаных у склад камісіі, а калі колькасць прэтэндэнтаў у склад выбарчай камісіі перавышае колькасць прадугледжаных сябраў камісіі, заслухоўваецца інфармацыя па кожнай кандыдатуры і праводзіцца персанальнае галасаванне. Такія азначэнні спараджаюць новыя пытанні, якія маюць патрэбу ў вырашэнні і тлумачэнні: якія менавіта дзелавыя і, тым больш, палітычныя якасці могуць служыць перавагай пры фармаванні камісій? Якім менавіта чынам варта праводзіць галасаванне, каб атрымаць аб'ектыўныя вынікі? На апошняе пытанне паспрабавала адказаць у сваім інтэрв'ю старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, заявіўшы, што галасаванне будзе праводзіцца рэйтынгавае. Аднак, гэта тлумачэнне не ўвайшло ў тэкст пастановы ЦВК.
Такім чынам, захаваліся перадумовы да таго, каб прадстаўнікі палітычных суб'ектаў, якія прадугледжваюць вылучэнне сваіх кандыдатаў на выбарах, зноў не былі ў адпаведных прапорцыях прадстаўленыя ў камісіях; гарантый іх удзелу ў дзейнасці камісій зноў не ўстаноўлена.
Адзіным, але відавочна недастатковым крокам у гэтым кірунку стала ўведзенае ў 2013 годзе ў ВК палажэнне, паводле якога прадстаўнікі партый, якія вылучаюць сваіх кандыдатаў на выбарах, маюць права накіраваць у тэрытарыяльныя камісіі (усяго ў сем камісій) сваіх прадстаўнікоў з дарадчым голасам.
ІI. Прававы аналіз Пастановы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў "Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку накіравання назіральнікаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання" ад 8 чэрвеня 2016 года № 20
Дадзенае Палажэнне было зацверджана на паседжанні Цэнтральнай камісіі 8 чэрвеня 2016 г. i рэгулюе парадак накіравання і акрэдытацыі назіральнікаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Асноўны прынцып накіравання назіральнікаў, замацаваны ў п.2 Палажэння, заключаецца ў тым, што палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні, працоўныя калектывы і іх структурныя падраздзяленні, група выбаршчыкаў маюць права накіраваць назіральнікам аднаго свайго прадстаўніка (з папярэдняй згоды камiсii - больш за аднаго) на паседжанне адпаведнай выбарчай камісіі, на ўчастак для галасавання.
Варта адзначыць, што Палажэннем прадугледжана магчымасць накіравання назіральнікаў рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем, палітычнай партыяй у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, у тым ліку на ўчасткі для галасавання, размешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, незалежна ад наяўнасці ніжэйстаячых арганізацыйных структур.
Такі парадак адлюстроўвае пазітыўны падыход да накіравання назіральнікаў, у першую чаргу, для апазіцыйных партый, паколькі ў большасці выпадкаў яны не маюць ніжэйстаячых структурных падраздзяленняў, зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку, а таксама для грамадскіх аб'яднанняў, якія не маюць ніжэйстаячых структурных падраздзяленняў у адпаведнасці са сваімі Статутамі. Раней, на папярэдніх парламенцкіх выбарах, ЦВК нярэдка зацвярджаў такі парадак накіравання назіральнікаў, калі толькі ніжэйстаячыя структурныя падраздзяленні палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў маглі накіроўваць назіральнікаў на ўчасткі для галасавання. Пры такім парадку грамадскае аб'яднанне, якое не мае структурных падраздзяленняў, магло накіроўваць назіральнікаў толькі на паседжанні ЦВК.
П. 17 Палажэння прадугледжвае новы парадак спынення паўнамоцтваў назіральнікаў на ўчастку для галасавання. Так, у адпаведнасці з дадзеным пунктам, тэрмін паўнамоцтваў назіральніка ва ўчастковай выбарчай камісіі і на ўчастку для галасавання пачынаецца з моманту яго акрэдытацыі ў дадзенай камісіі і спыняецца пасля падвядзення вынікаў галасавання на ўчастку, у акруговай, абласной, Мiнскай гарадской выбарчай камісіі - у дзень ўстанаўлення вынікаў выбараў адпаведна па акрузе, вобласцi, гораду Мiнску. У той жа час, у адпаведнасці з ч. 6 арт. 13 Выбарчага кодэкса (змены 2013 года), паўнамоцтвы назіральніка пачынаюцца з моманту яго акрэдытацыі і завяршаюцца ў дзень устанаўлення адпаведнай камісіяй вынікаў падліку галасоў, вынікаў выбараў.
Дадзеная фармулёўка на практыцы можа тлумачыцца такім чынам, што назіральнікам на ўчастку для галасавання будзе адмаўляцца ў магчымасці падачы скаргаў на вынікі падліку галасоў і выніковыя пратаколы камісій у сувязі з завяршэннем паўнамоцтваў назіральніка.
Асаблівай увагі заслугоўвае п. 15 Палажэння, які канкрэтызаваў правы назіральнікаў, устанавіўшы, што назіральнікі ў перыяд датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў у праве атрымліваць інфармацыю пра колькасць выбаршчыкаў, уключаных у спісы выбаршчыкаў, і колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні.
Акрамя таго, канкрэтызавана права назіральнікаў, зарэгістраваных у акруговых выбарчых камісіях, прысутнічаць там пры прыёме пратаколаў участковых выбарчых камісій аб выніках галасавання на ўчастку.
Варта адзначыць, што раней прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" падвяргалі крытыцы факты нядопуску назіральнікаў, зарэгістраваных у тэрытарыяльных камісіях, да назірання ў дадзеных камісіях у момант перадачы пратаколаў участковых выбарчых камісій з вынікамі галасавання на ўчастках. Падставай для нядопуску было сцвярджэнне сябраў камісій аб тым, што назіральнікі, у адпаведнасці з арт. 13 ВК, маюць права прысутнічаць толькі на паседжаннях выбарчых камісій, а прыём пратаколаў з вынікамі галасавання на ўчастках, на думку у тым ліку і ЦВК, не з'яўляецца паседжаннем камісіі. Назіральнікаў такім чынам пазбаўлялі магчымасці назіраць за працэсам ўстанаўлення вынікаў галасавання па тэрыторыі альбо акрузе, запрашаючы іх толькі на паседжанні тэрытарыяльных альбо акруговых камісій па зацвярджэнні вынікаў выбараў, якія праходзілі праз некалькі дзён.
Пазіцыя экспертаў кампаніі заключаецца ў тым, што арт. 13 ВК утрымлівае прыкладны пералік правоў назіральнікаў і ў вычарпальным пераліку забароненых для назіральніка дзеянняў не ўтрымліваецца забаронаў на атрыманне інфармацыі, якая тычыцца колькасці зарэгістраваных на ўчастку выбаршчыкаў, колькасці тых, хто прагаласаваў, а таксама забароны на ажыццяўленне назірання за працай тэрытарыяльных камісій у момант перадачы пратаколаў участковых камісій з вынікамі падліку галасоў на ўчастках для галасавання.
Мы вітаем больш дэталёвае тлумачэнне нормаў арт. 13 ВК, зробленае ў дадзенай пастанове ЦВК, але не лічым, што такім чынам ЦВК выйшаў за рамкі ВК.
У той жа час, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік адзначыў, што «ў нас было шмат заўвагаў ад міжнародных назіральнікаў, якія хацелі паглядзець, як прымаюцца пратаколы акруговымі камісіямі. Мы ўлічылі іх пажаданні, хоць гэта пашырае рамкі закона».
У такім выпадку, выклікае здзіўленне выбіральнасць падыходу ЦВК да магчымасці «пашырэння рамак закона»,
паколькі ў выпадку з прапановамі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» па ўрэгуляванні працэдур падліку галасоў пазіцыя ЦВК заключалася ў тым, што гэтыя працэдуры не могуць быць урэгуляваны пастановамі ЦВК у сувязі з тым, што яны супярэчаць палажэнням ВК. Пры тым, што нормы ВК не ўтрымліваюць апісання працэдур падліку выбарчых бюлетэняў участковымі камісіямі. Акрамя гэтага, у адпаведнасці з п.3 ч.1 арт. 33 ВК, Цэнтральная камісія ў рамках сваёй кампетэнцыі толькі дае тлумачэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах у мэтах яго аднастайнага выканання.
Таксама мы лічым, што рэкамендацыя БДІПЧ АБСЕ, якая тычыцца правоў назіральнікаў, не была ўлічаная ў поўным аб'ёме, паколькі не прадугледзела магчымасць атрымання назіральнікамі копіі пратакола аб выніках галасавання і азнаямлення са зместам спісу выбаршчыкаў.
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.
Спампаваць тэкст у фармаце pdf: