Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бабруйск: у раёне месцаў для агітацыі больш, чым у горадзе

Сельская выбарчая акруга "раскіданая" па горадзе, Бабруйскім і Кіраўскім раёнах, таму месцаў для агітацыі ў агульнай суме таксама атрымліваецца больш, чым у Першамайскай і Ленінскай акругах, якія размешчаны ў межах гораду.

Размяшчаць друкаваныя агітацыйныя матэрыялы ў межах Сельскай выбарчай акругі можна будзе на стэндах участкаў для галасавання, у спецыяльна адведзеных месцах на стэндах, размешчаных у адміністрацыйных будынках сельвыканкамаў, арганізацый, гаспадарак раёна, устаноў культуры (сельскія Дамы культуры, сельскія клубы, сельскія клубы-бібліятэкі, Вішнеўская бібліятэка-клуб, Пятровіцкі Дом народнай творчасці), устаноў аховы здароўя (участковыя бальніцы, фельчарска-акушэрскія пункты, амбулаторыі лекара агульнай практыкі), устаноў адукацыі (Бабруйскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 13, школы і дашкольныя ўстановы), крамаў, сельскіх паштовых аддзяленняў сувязі, у памяшканнях інтэрнатаў.

Для правядзення сустрэч кандыдатаў у дэпутаты ды іх давераных асоб з выбаршчыкамі, правядзення перадвыбарных сходаў, мясцовыя ўлады вызначылі актавыя залы прадпрыемстваў і арганізацый раёна, глядацкія залы памяшканняў устаноў культуры (Дамы культуры, сельскія клубы, клубы-бібліятэкі, Вішнеўская бібліятэка-клуб, Пятровіцкі Дом народнай творчасці). За ахову грамадскага парадку ў гэтых памяшканнях будуць адказваць міліцыянты.

Месцы для правядзення  сходаў па-за памяшканнямі, мітынгаў, пікетаванняў -- гэта пляцоўкі, прылеглыя да гандлёвых аб'ектаў, устаноў культуры і адукацыі, адміністрацыйных будынкаў сельскагаспадарчых арганізацый і іншых месцах.

Нельга будзе праводзіць сходы каля аб'ектаў чыгуначнага транспарту, аўтобусных прыпынкаў і месцаў, размешчаных на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў сельскіх выканаўчых камітэтаў, сельскіх участковых бальніц, амбулаторый лекара агульнай практыкі, фельчарска-акушэрскіх пунктаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары