Бабруйск: упершыню праведзена прэс-канферэнцыя са старшынямі акруговых камісій
У Бабруйску 18 ліпеня ўпершыню была зладжаная прэс-канферэнцыя для прадстаўнікоў некаторых гарадскіх і раённых СМІ з удзелам старшыняў трох акруговых камісій.
Карэспандэнты цікавіліся, ці былі канфлікты паміж сябрамі розных ініцыятыўных груп і якія парушэнні былі дапушчаныя падчас збору подпісаў.
Практычна на ўсе пытанні адказваў Віктар Гарбанёў - шматгадовы нязменны кіраўнік камісіі Першамайскай выбарчай акругі. Ён адзначыў, што былі "нязначныя парушэнні", такія, як збор подпісаў каля гандлёвых цэнтраў і прадпрыемстваў без узгаднення з дырэкцыяй. Але папярэджанні на гэты конт не выносіліся. «Мы павінны быць лаяльнымі ў адносінах да кандыдатаў і прытрымлівацца закона”, - заявіў старшыня выбарчай камісіі акругі №79.
Таксама Гарбанёў узгадаў пра пакаранне за выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу. “Калі паступае скарга, што выкарыстоўваецца адмінрэсурс, то кандыдату выносіцца папярэджанне. Пры паўторным парушэнні кандыдатура здымаецца з выбараў”, - цытуе "Вечерний Бобруйск" старшыню камісіі Першамайскай акругі. Але жыхары Сельскай і Ленінскай акругі не аднойчы расказвалі зборшчыкам подпісаў, што на дапамогу Ігару Кананчуку (гендырэктар "Бабушкиной крынки") і Ірыне Рынейскай (кіраўніца упраўлення адукацыі, спорту і турызму гарвыканкаму) былі прыцягнуты мясцовыя настаўнікі.
Сапраўды адчуваецца, што на час збору подпісаў мясцовыя ўлады абралі тактыку лаяльнасці. На пікетах не заўважаны супрацоўнікі міліцыіі, са слоў сяброў ініцыятыўных груп, зараз яны назіраюць за імі з-за вугла. На прэс-канфэрэнцыі, пра якую напісалі ўсе мясцовыя СМІ, Віктар Гарбанёў увесь час падкрэсліваў мяккую палітыку ў дачыннені да прэтэндэнтаў і іх каманд. “Мы разгледзелі дакументы на працягу пяці дзён і зарэгістравалі ініцыятыўную групу, якая нетактоўна сябе павяла нават у дзень рэгістрацыі. Здымалі з падлогі, з калена - навошта? Мы б і так дазволілі, таму што ніякіх праблем не ствараем, нават наадварот: кіраўнік ініцыятыўнай групы, патэнцыйны кандыдат у дэпутаты папрасіў змяніць склад групы (а па заканадаўству трэба за дзень да разгляду падаваць), але мы пайшлі насустрач, чаму заяўнік быў шчыра здзіўлены”, - цытуе Гарбанёва газета "Бабруйскае жыццё".
Газета "Вечерний Бобруйск" бачыць прыкметы "пацяплення" ў наяўнасці празрыстых скрыняў і незалежных назіральнікаў.
"Акрамя гэтага, бабруйскія ўчасткі для галасавання паступова ўкамплектоўваюцца празрыстымі скрынямі, што вельмі сімвалічна. Вядома таксама, што сярод назіральнікаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў па Бабруйску зарэгістраваны прадстаўнікі беларускага аддзялення Хельсінскага камітэта", - адзначыла карэспандэнтка выдання.
На сустрэчу не запрасілі супрацоўнікаў незалежнага выдання "Бабруйскі кур'ер", але галоўны рэдактар Анатоль Санаценка адзначыў, што з задавальненнем наведаў бы прэс-канферэнцыю і задаў бы некалькі "вострых" пытанняў старшыням камісій.
-Не думаю, што нейкія "нязручныя" пытанні там наогул прагучалі. Таму нас і пабаяліся запрашаць, а мы, заўважу, дагэтуль зарэгістраваны СМІ, і тэмай выбараў вельмі цікавімся. Зараз складана сказаць, якое канкрэтна пытанне я б задаў, але яно не было б лагодным, гэта дакладна. Я бачыў артыкулы пра прэс-канферэнцыю. Першае, што кінулася ў вочы - на фота галоўны рэдактар газеты гарвыканкаму "Бабруйскае жыццё" сядзіць не ў зале, побач з калегамі, а за адным сталом са старшынямі камісій. Гэта выглядае дзіўна, - адзначыў Анатоль Санаценка.