Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бабруйск: выбаршчыкам кажуць, што падпісвацца можна толькі за аднаго прэтэндэнта

Андрусь Архіпенка, прэтэндэнт у кандыдаты па Сельскай выбарчай акрузе, расказаў, што часам даводзіцца сутыкацца з недарэчнымі перашкодамі. Нягледзячы на тое, што ў СМІ даволі часта інфармуюць пра магчымасць падпісвацца за кожнага з прэтэндэнтаў, некаторых людзей пераканалі ў адваротным.

-У маёй акрузе мала сэнсу стаяць у пікетах, таму я абыходжу хаты і кватэры выбаршчыкаў штодня, - кажа Андрусь Архіпенка. - У доме №9 па вуліцы Ванцэці ў Бабруйску жыхары адмовіліся падспісвацца, "бо ўжо аддалі свае галасы". Яны расказалі, што да іх прыходзілі сябры ініцыятыўнай групы Ігара Кананчука (гендырэктар ААТ "Бабушкина крынка") і пераканалі, што за іншых падпісвацца нельга.

Зборшчыкі подпісаў па Сельскай акрузе кажуць, што ні разу яшчэ не перасякаліся з ініцыятыўнай групай Марыі Сушчанкі (дэпутатка сельскага Савету і старшыня Глушанскага сельскага выканкаму). А на падтрымку гендырэктара "Бабушкиной крынки" быў задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс, і за яго актыўна збіраюць подпісы настаўнікі.

-Мне падаецца, у мяне маглі б быць добрыя шанцы на перамогу, - мяркуе Андрусь Архіпенка. - Я сам жыву ў межах Сельскай акругі, і гэта імпануе выбаршчыкам. Наогул, больш падпісваюцца, чым адмаўляюць, - кажа прэтэндэнт у кандыдаты.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары