Бабруйск: кожны трэці выбаршчык кажа, што іх заклікаюць падпісвацца толькі за аднаго прээтэндэнта
Мясцовая каардынатарка кампаніі "Гавары праўду" " Алена Мядзведзева кажа, што самая складная праца ў ініцыятыўных груп ідзе па Сельскай выбарчай акрузе.
-Гэта звязана і з тым, што супернік нашага прэтэндэнта Андруся Архіпенкі, гэта гендырэктар "Бабушкиной крынкі" Ігар Кананчук, і з тым, што людзі тут больш расчараваныя працай дзеючых дэпутатаў. У раёне Фарштату нават сустрэліся з агрэсіяй, адна жанчына кідалася біцца, калі пачула, што зноў нейкія выбары ідуць. Сёння збіраем у Кісялевічах, ужо прасцей, бо тут ў асноўным жывуць вайскоўцы, і яны ставяцца да выбараў як да абавязку, ахвотней падпісваюцца. Вельмі часта перасякаемся з камандай Кананчука. Сябры яго ініцыятыўнай групы нам расказвалі, што ім далі загад сабраць па 150 подпісаў.
Андрусь Архіпенка яшчэ раней скардзіўся, што каманда гендырэктара "Бабушкиной крынки" часам пераконвала выбаршчыкаў пакідаць толькі адзін подпіс, за іх прэтэндэнта. Зараз гэтыя выпадкі пачасціліся, сцвярджае Андрусь.
-Зараз ужо кожны трэці выбаршчык нам кажа, што сябры ініцыятыўнай групы Кананчука заклікаюць не падпісвацца за іх канкурэнтаў. Гэта моцна дэмаралізуе, да таго ж многія пачынаюць нават абражаць нас, бо думаюць, што гэта мы спрабуем іх падмануць! Адзін чалавек з каманды гендырэктара "Крынкі" мне прызнаўся, што гэтак іх праінструктавалі рабіць. Таму большасць з іх і выконвае гэты загад, - распавядае Андрусь Архіпенка.
Што тычыцца Першамайскай і Ленінскай акругаў, то тут збор подпісаў праходзіць больш спакойна.
-У цэнтры больш спрыяльна ладзіць пікеты. Мы пакуль не бачылі пікетаў па зборы подпісаў за праўладных прэтэндэнтаў, але калі абыходзім кватэры, часам з імі перасякаемся. На выходных падтрымаць нашых прэтэндэнтаў прыязджала Таццяна Караткевіч. Яна сустрэлася з мясцовымі грамадскімі актывісткамі, пастаяла з намі ў пікетах і прайшлася па кватэрах. Таццяне спадабалася, што выбары ў рэгіёнах праходзяць больш ажыўлена, і людзі больш прагнуць інфармацыі, - адзначыла Алена Мядзведзева.