Бабруйск: пікет Алега Жалнова спрабавала сарваць невядомая жанчына (фота з пікета)
Давераная асоба прэтэндэнта ў дэпутаты Алега Жалнова расказала, што каля гіпермаркету "Еўраопт" невядомая жанчына спрабавала сарваць збор подпісаў. Галіна Смірнова адзначыла, што гэта было вельмі падобна на правакацыю.
-Мы збіралі подпісы каля гіпермаркету "Еўраопт", і ўсё да пэўнага часу ішло цудоўна, людзі падпісваліся, задавалі пытанні, усё на пазітыве. Але праз дзве гадзіны да нас падбегла жанчына, якая пачала крычаць, што яна "гаспадыня Еўраопту", і каб мы паказалі ёй дазвол на збор подпісаў ці сыходзілі адсюль. Пры гэтым яна не назвала сваё імя ці пасаду, а акрэсліла сябе менавіта "гаспадыняй", - кажа Галіна Смірнова.
Сябры ініцыятыўнай групы сцвярджаюць, што паводзілі сябе з жанчынай карэктна, тлумачылі, што пляцоўка каля "Еўраопта" не трапляе ў спіс забароненых месцаў.
-Наш прынцып - паводзіць сябе карэктна нават у дачыненні самых грубых мінакоў. І з гэтай жанчынай мы таксама стараліся паводзіць сябе ветліва і стрымана. Але яна раптам выхапіла тэлефон, пачала некуды тэлефанаваць і крычаць, што мы яе абражаем, падвышаем на яе голас! Гэта было для мяне вельмі непрыемна, асабліва калі ўлічваць, што гэта яна паводзіла сябе агрэсіўна. За нас нават пачалі заступацца людзі, што знаходзіліся побач. Я прапанавала ёй выклікаць міліцыю, каб усё вырашыць цывілізавана. Праз нейкі час жанчына сышла, але ў нас ужо не было настрою тут знаходзіцца.
Галіна Смірнова кажа, што гэта першы такі выпадак за час працы ініцыятыўнай групы. У першы дзень быў інцыдэнт з аховай ГЦ "Карона", але ён быў хутка вырашаны, і больш падобныя пытанні падчас іх там знаходжання не ўзнікала.
-Зараз супрацоўнікі "Кароны" да нас ветліва ставяцца. Не было праблем каля ААТ "Белшына" і на 6-м мікрараёне, дзе мы таксама збіралі подпісы каля гандлёвых цэнтраў. Можна сказаць, гэта на дадзены момант быў самы непрыемны момант кампаніі, - кажа Галіна Смірнова.