Бабруйск: першыя пікетаванні - у падтрымку Алега Жалнова
У Бабруйску сябры ініцыятыўнай групы Алега Жалнова пачалі ладзіць пікеты па збору подпісаў. Для першага яны абралі месца каля ўваходу ў гандлёвы цэнтр "Карона".
Галіна Смірнова, давераная асоба Жалнова, расказала, што спачатку ахоўнікі "Кароны" спрабавалі прагнаць зборшчыкаў подпісаў. Яны казалі, што гэта прыватная тэрыторыя і прапаноўвалі прайсці ў службу аховы. Алег Жалноў адмовіўся, паказаў раздрукоўку з пастановай гарвыканкаму, з якой вынікала, што гэтае месца не забароненае для пікетавання. Сябры ініцыятыўнай групы прапанавалі супрацоўнікам гандлёвага цэнтру выклікаць міліцыю, але ахоўнікі сышлі, і канфліктная сітуацыя не мела працягу.
Акрамя гэтага, пікетаванні ў падтрымку Алега Жалнова прайшлі на 6-м мікрараёне.
-Плануем ахапіць розныя месцы Першамайскага раёну, - распавядае Галіна Смірнова. - Хацелася б папрацаваць каля ААТ "Белшына", напрыклад. Заўважу, вельмі мала людзей ведае пра тое, што ў краіне ідзе нейкая выбарчая кампанія. Шмат хто думае, што мы распаўсюджваем касметыку ці прадстаўляем мабільнага аператара. Запрашаем людзей падыйсці, тлумачым, і большасць ахвотна падпісваюцца за Алега. Каля гандлёвага цэнтру было ўдалае пікетаванне, але і ў 6-м мікрараёне мне вельмі спадабалася працаваць, людзі ставяцца да нас пазітыўна, - адзначыла даверная асоба Алега Жалнова.