Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Прыярытэтныя рэкамендацыі аб унясенні зменаў у выбарчае заканадаўства Беларусі

Лагатып кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Лагатып кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Грамадская кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” прадстаўляе стратэгічны дакумент з абгрунтаваннем рэкамендацый аб унясенні зменаў у выбарчае заканадаўства Беларусі, якія эксперты лічаць крытычна важнымі для правядзення ў краіне свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў.

Аўтары дакумента (глядзіце ў дадатку) вымушаныя канстатаваць, што з 1995 году міжнародныя і нацыянальныя назіральнікі не прызнаюць выбары ў Беларусі як свабодныя і дэмакратычныя. Вынікі электаральных кампаній аспрэчваюць іх апазіцыйныя ўдзельнікі, а таксама падвяргаюць справядлівай крытыцы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, дзяржавы Еўрапейскага Саюзу і ЗША.  

У 2009, 2010, 2011, 2013 и 2015 гадах у Выбарчы кодэкс уносіліся змены і дапаўненні, якія былі дэклараваныя як выкананне рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, выказаных арганізацыяй па выніках свайго міжнароднага назірання за выбарамі ў Беларусі. Аднак асноўныя праблемы ў выбарчых працэдурах захоўваюцца, што пацвярджаецца апошнім дакладам місіі БДІПЧ АБСЕ па выніках назірання за парламенцкімі выбарамі 2016 года. 

У відэакаментары прадстаўнікі “Праваабаронцаў за свабодныя выбары” – каардынатар кампаніі ад ПЦ “Вясна” Уладзімір Лабковіч і аналітык кампаніі Валянцін Стэфановіч – называюць асноўныя пункты, па якіх мусяць быць унесены неадкладныя змены ў выбарчае заканадаўства краіны і якія яны ўжо прадставілі ў ЦВК, а таксама даюць сваю ацэнку працы ўтворанай пры ЦВК  міжведамаснай экспертнай групы, якая канчатковай мэтай сваёй працы канстатуе ўдасканаленне выбарчага працэсу ў Беларусі.   

Нагадаем, што з лютага 2016 года ў Беларусі працуе створаная ЦВК па даручэнні прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі міжведамасная экспертная рабочая група па вывучэнні рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, дадзеных па выніках прэзідэнцкіх выбараў 2015 года дзеля ўдасканалення выбарчага працэсу ў Беларусі. Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” неаднаразова звярталіся да кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай з прапановай экспертнага садзейнічання працы гэтай міжведамаснай групы, накіроўвалі свае дэтальныя напрацоўкі па імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, заклікалі да актывізацыі працы ў гэтым напрамку – аднак канструктыўнага адказу на гэтыя захады з боку ЦВК не было.

На бягучы момант, як вядома, міжведамасная рабочая група пры ЦВК у змененым складзе працягвае сваю працу і да 1 лютага павінна правесці аналіз рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, якія змяшчаюцца ў выніковай справаздачы місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі 11 верасня 2016 года (дакумент быў абнародаваны 8 снежня 2016 года) і выпрацаваць прапановы па змене выбарчага заканадаўства для далейшага разгляду ў Цэнтральнай камісіі і дакладу кіраўніку дзяржавы.   


Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары", якую праводзяць РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна", з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.


Каментары