Брэсцкі абласны суд адмяніў штраф Рыгору Грыку
21 снежня Брэсцкі абласны суд разгледзеў скаргу грамадскага актывіста Рыгора Грыка на пастанову суда Баранавіцкага раёна.
Падчас разгляду Рыгор Грык патлумачыў суду, што ў ягоных дзеяннях небыло складу правапарушэння, бо пікет аб якім ідзе мова, праводзіўся ў рамках выбарчага заканадаўства. Тады былі выбары Палату прадстаўнікоў, а ён быў даверанай асобай кандыдата Міколы Чарнавуса. У агітацыйны перыяд кандыдат уведаміў, адпаведна заканадаўства, гарадскія ўлады аб месцы і часе правядзення пікета ў вызначаным уладамі месцы. Рыгор Грык праводзіў агітацыйны пікет і нічога не парушыў. Былая давераная асоба кандыдата прасіў суд справу спыніць за адсутнасцю складу правапарушэння.
Па разглядзе справы суддзя Брэсцкага абласнога суда Грыгаровіч прыняў рашэнне адмяніць пастанову Баранавіцкага суда і адправіць на паўторнае разбіральніцтва ў баранавіцкі суд да іншага суддзі.
Паўторны разгляд справы Рыгора Грыка, былой даверанай асобы кандыдата, адбудзецца ў Баранавічах і прызначаны на 29 снежня 2016 года.
Нагадаем, 3 лістапада суд горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна завочна пакараў грамадскага актывіста Рыгора Грыка штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1050 демінаваных беларускіх рублёў) нібыта за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага пікета другі раз за год.
Пазней Рыгор Грык так пракаментаваў прысуд:
«Я не атрымліваў позвы ў суд і з’ехаў з краіны ў пошуках працы. Суддзя Аксана Копач ўзяла пад увагу сведчанні міліцыянтаў і супрацоўніцы ідэалагічнага аддзела Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта. Ніхто з іх да мяне не падыходзіў. Першыя вялі відэаздымку, другая толькі магчыма бачыла мяне на месцы пікету.
Тады да мяне падыходзілі толькі два міліцыянты з ППС, яны не знайшлі парушэнняў і адышлі. Чамусьці іх не запрасілі на суд. Без мяне суд увогуле не павінен быў пачынацца.
Зараз напісаў скаргу ў Брэсцкі абласны суд, бо лічу што ў маіх дзеяннях няма парушэнняў заканадаўства. Спадзяюся, што праўда будзе на маім баку».