Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Актывіста Руху «За Свабоду» з Калінкавічаў выклікаў на допыт Следчы камітэт

Дзяніс Рабянок.
Дзяніс Рабянок.

Перадвыбарчым пікетам кандыдаткі ад правацэнтрысцкай кааліцыі (АГП) Алены Луцковіч зацікавіўся Следчы камітэт. З гэтай нагоды на допыт быў выкліканы актывіст Руху «За Свабоду» з Калінкавічаў Дзяніс Рабянок. Ён спаслаўся на Канстытуцыю і адмовіўся сведчыць супраць сябе.

«Перад выбарамі ў Калінкавічы прыязджаў старшыня АГП Анатоль Лябедзька на пікет кандыдаткі Алены Луцковіч. Я таксама ўдзельнічаў. Ёй потым далі папярэджанне, выклікалі мяне па гэтай справе», — патлумачыў сайту Pyx.by  Дзяніс Рабянок.

Па ягоных словах, ён адразу нагадаў следчаму пра артыкул 27 Канстытуцыі і адпаведную норму ў Крымінальным кодэксе.

«Я яму сказаў, што ўсе адказы будуць наступнага зместу. У адпаведнасці з артыкулам 27-ым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, кожны грамадзянін мае права не сведчыць супраць сябе. Зыходзячы з таго, што дадзенае пытанне тычыцца непасрэдна мяне, я хачу скарыстацца сваімі правам, замацаваным у Канстытуцыі і не буду сведчыць супраць сябе», — падкрэсліў Рабянок.

Следчы, патлумачыў актывіст Руху «За Свабоду», «сказаў, што гэтага і чакаў, запісаў гэта ў пратакол па-расейску, і ўсё». «Пратакол з адной гэтай фразы і складаўся», — падкрэсліў Дзяніс.

Актывіст Руху лічыць, што цікаўнасць да справы Следчага камітэту звязаная з тым, што экс-кандыдат «пісала заяву супраць нашага выканкама, бо па законе папярэджвае можа даваць толькі Выбарчая камісія, вось яны і займаюцца той заявай».


Каментары