Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Адміністрацыйную справу назіральніцы Маі Навумавай адправілі на перагляд

25 кастрычніка Мінскі гарадскі суд адмяніў пастанову суда Першамайскага раёна ў дачыненні да назіральніцы Маі Навумавай, якая была затрымана 11 верасня пасля закрыцця выбарчага ўчастку і абвінавачана па арт. 17.3 і 23. 4 КаАП.

Суддзя Валеры Камісараў, што разглядаў скаргу, агучыў толькі рэзалютыўную частку сваёй пастановы – рашэнне Першамайскага суда адмяніць, справу накіраваць на новы разгляд.

Нагадаем, назіральніца Мая Навумава была затрыманая ўвечары 11 верасня, пасля закрыцця выбарчага ўчастка №626 Каліноўскай акругі №108 г. Мінска, разам з назіральнікам Леанідам Кулаковым.

Яе абвінавацілі ў распіцці спіртных напояў, а пасля затрымання склалі пратакол яшчэ і па арт. 23.4 КаАП "Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы". Ноч назіральніца правяла ў РУУС, дзе яе некалькі разоў пераводзілі з камеры ў камеру. Таксама Маю Навумаву вазілі на медыцынскі агляд, але алкагольнага ап'янення зафіксавана не было.

12 верасня суддзя Гарбатоўскі Ю. на выязным судовым пасяджэнні ўстанавіў віну Маі Навумавай ў непадпарадкаванні, абапіраючыся на паказанні міліцыянтаў, якія затрымлівалі - Атока Е. і Тыцык А., і пастанавіў прыцягнуць Маю Навумаву да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту ў адны суткі, якія назіральніца ўжо адбыла.


Каментары