Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Алесь Бяляцкі: Грамадзянскі кантроль не дазваляе ўладам прыўкрасіць сітуацыю

Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый на канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні. Фота з сацсетак
Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый на канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні. Фота з сацсетак

22 верасня беларускія праваабаронцы ў межах канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні правялі паралельнае мерапрыемства па выніках парламенцкіх выбараў, якія адбыліся ў краіне 11 верасня. 

Свае ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека ў звязку з правядзеннем выбарчай кампаніі прысутным прадставілі кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, экс-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольга Смалянка і юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў

“Мы абмяркоўвалі бягучую сітуацыю, якая склалася напярэдадні выбараў і адразу пасля іх. І нашыя ацэнкі агулам супадалі. Мы прыйшлі да высновы, што сітуацыя няпростая. Пасля адмены санкцыяў у лютым гэтага года фактычна сітуацыя з правамі чалавека была замарожана і не было ніякіх паляпшэнняў, і мы нават адзначаем пагаршэнне, таму што ў нас з’явіліся новыя палітычныя вязні, а ўлады гэтак жа, як і раней, пераследуюць грамадскіх актывістаў праз адміністрацыйныя затрыманні і пакаранні ў выглядзе штрафаў. І сама выбарчая кампанія праходзіла ў неспрыяльнай атмасферы, у кандыдатаў у дэпутаты быў нераўназначны доступ да сродкаў масавай інфармацыі, і фактычна выбары былі сфальсіфікаваныя”, - распавёў Алесь Бяляцкі па выніках мерапрыемства.

Праваабаронца падкрэсліў, што фактычна пасля выбарчай кампаніі ацэнкі ўнутраных назіральнікаў супадаюць з ацэнкамі міжнародных:

“Выбары не былі празрыстымі і дэмакратычнымі. Больш за тое, нішто не сведчыць, што ўлады змянілі свае адносіны і метады ўціску на грамадскіх актывістаў і кантролю над грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Ціск гэты працягваецца і гаварыць пра лібералізацыю ці нейкія дэмакратычныя крокі, няхай і малыя – рана”.

Удзельнікі сесіі таксама закранулі пытанні смяротнага пакарання, свабоды сходаў і свабоды асацыяцый і прыйшлі да высновы, што агулам ніякіх зменаў у Беларусі не адбываецца.

“Здаецца, нам удалося перадаць міжнароднай супольнасці нашыя клопаты і трывогі, данесці інфармацыю з першых рук, і гэта было дастаткова важна. Я думаю, што прыўкрасіць сітуацыю, зрабіць яе лепшай, чым яна ёсць на самой справе, у ўладаў не атрымліваецца, таму што ёсць грамадзянскі кантроль з боку беларускіх праваабаронцаў і няўрадавых арганізацыяў”, - сказаў Алесь Бяляцкі.

Нагадаем, прадстаўнікі ПЦ "Вясна" прымае ўдзел у штогадовай канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні, якая праходзіць з 19 па 30 верасня ў Варшаве.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары