Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Назіральніца абскарджвае незаконнае затрыманне

Назіральніца Мая Навумава была затрыманая ўвечары 11 верасня, пасля закрыцця выбарчага ўчастка №626 Каліноўскай акругі №108 г. Мінска, разам з назіральнікам Леанідам Кулаковым.

Яе абвінавацілі ў распіванні спіртных напояў, а пасля затрымання склалі пратакол яшчэ і па арт. 23.4 КаАП "Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы". Ноч назіральніца правяла ў РУУС, дзе яе некалькі разоў пераводзілі з камеры ў камеру. Таксама Маю Навумаву вазілі на медыцынскі агляд, але алкагольнага ап'янення зафіксавана не было. Калі назіральніца папрасілася і пайшла ў туалет, праз некаторы час туды ўварваўся супрацоўнік міліцыі, які абвінаваціў Маю ў тым, што тая хацела збегчы, заламаў ёй рукі і надзеў кайданкі. Знялі кайданкі з назіральніцы толькі ў РУУС, калі было неабходна падпісаць дакументы.

Пры асабістым даглядзе капітан міліцыі А. Плотнікава так тузанула заплечнік затрыманай, што парвала яго. Акрамя таго, пры даглядзе прысутнічала толькі адна панятая, але ў пратаколе значыцца дзве: Раманчук Вікторыя і Гамозава Таццяна. Майя Навумава ацэньвае нанесеную ёй матэрыяльную шкоду за парваны заплечнік ў 50-60 рублёў, і па гэтым факце напісала скаргу начальніку УУС Першамайскага раёна г. Мінска.

12 верасня суддзя Гарбатоўскі Ю. на выязным судовым пасяджэнні ўстанавіў віну Маі Навумавай ў непадпарадкаванні, абапіраючыся на паказанні міліцыянтаў, якія затрымлівалі - Атока Е. і Тыцык А. Хоць затрыманая сваю віну не прызнала і патлумачыла, што калі да яе падышлі міліцыянты і запатрабавалі прайсці з імі, яна пагадзілася, непадпарадкавання ня аказвала. Аднак, суд пастанавіў прыцягнуць Маю Навумаву да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту ў адны суткі, якія назіральніца ўжо адбыла.

З такім рашэнне суда Майя Навумава не пагадзілася і накіравала скаргу ў Мінскі гарадскі суд з просьбай адмяніць пастанову і адправіць справу на новы разгляд. Таксама назіральніца звярнулася ў Следчы камітэт і прайшла медыцынскі агляд, каб зафіксаваць нанесеныя ёй цялесныя пашкоджанні супрацоўнікамі міліцыі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары