Бабруйск: незалежныя назіральнікі падаюць скаргі
Незалежныя назіральнікі, які працавалі на ўчастках у Першамайскай выбачай акрузе № 79 Бабруйска, засталіся незадаволеныя масавымі парушэннямі на выбарах. Яны падаюць скаргі ў акруговую камісію.
-Шмат нагодаў для скаргаў было. Былі ўкіды, на ўчастку №7 проста склеены пачак убачылі. На ўчастку №11 старшыня камісіі агучвала адны лічбы, а ўпісвала ў пратакол іншыя лічбы, і гэтак далей. Таму яшчэ ў дзень выбараў падавалі скаргі старшыням участковых камісій, але гэта бессэнсоўна. Зараз назіральнікі пішуць і масава падаюць скаргі ў акруговую камісію. Таксама рыхтуем петыцыю, хочам дамагчыся адмены вынікаў галасавання па Першамайскай акрузе, - кажа рэгіянальная каардынатарка кампаніі "Права выбару" Галіна Смінова.
Незалежныя назіральнікі сцвярджаюць, што ні адным з участкаў акругі выбары не адбыліся.
-Ні на адным з участкаў, па падліках назіральнікаў, не прагаласавалі 50 працэнтаў выбаршчыкаў. Але паўсюдныя фальсіфікацыі зрабілі сваю справу, і старшыні камісій проста вымалёўвалі патрэбныя ім лічбы. Нікога не хвалявала, колькі там бюлетэняў у скрынях. Таму мы будзем патрабаваць пераліку, пераправеркі гэтых бюлетэняў, - адзначыла Галіна Смірнова.
Незалежныя назіральнікі ў Бабруйску працягваюць збіраць і аналізаваць інфармацыю па асноўным дні галасавання. На ўчастку №38 у Першамайскай акрузе выявілася вельмі вялікая лічба па месцы жыхарства - 602 чалавекі.
Як расказалі назіральнікі, якія працавалі на гэтым участку, сябры камісіі выязджалі двойчы, кожны раз на паўтары гадзіны. Калі падзяліць агульны час на чалавека, атрымоўваецца, што на аднаго выбаршчыка сябры камісіі патрацілі па 20 секунд.