За назіранне - адміністрацыйная справа
Назіральніка ў Воршы Віталя Паўлава затрымалі адразу пасля выбараў.
Днём, у панядзелак 12 верасня, Віталь Паўлаў, які за дзень да гэтага быў назіральнікам на выбарчым участку ў школе №5 Воршы быў затрыманы нібыта за тое што нецэнзурна лаяўся на выбарчым участку. Затрыманы ён быў каля крамы "Старт", калі ішоў на аўтобусны прыпынак. У РАУС на яго склалі адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства.
На самай справе, абвінавачванне выглядае сумнеўным, піша сайт orsha.eu - на ўсіх выбарчых участках прысутнічае супрацоўнік міліцыі, які пры скандале мог бы затрымаць назіральніка. Тым больш, што і самі старшыні камісій - а ў пратаколе запісана, што менавіта са старшынёй камісіі, яна ж дырэктар школы Вайцяховіч Наталля Аркадзьеўна, і адбылася нецэнзурная сварка - любяць выдаляць незалежных назіральнікаў з участкаў перад падлікам галасоў па няхначных прычынах.
Сітуацыя ж выглядае так, што назіральнік, па матэрыялах пратаколу, "гучна лаяўся нецэнзурнай лаянкай, крычаў, парушаў грамадскі парадак і дзейнасць участковай камісіі, на зробленыя заўвагі не рэагаваў, працягваў свае супрацьпраўныя паводзіны. І ў гэтай сітуацыі старшыня камісіі і міліцыянт праявілі поўную бездапаможнасць і нават не выправадзілі Паўлава з участку. Ён спакойна дабыў на ўчастку да канца падліку галасоў. А ўсе прэтэнзіі да яго з'явіліся толькі на наступны дзень.
На думку самога Віталя Паўлава, супраць яго была арганізавана правакацыя, хутчэй за ўсё, такім чынам міліцыянты імкнуліся перашкодзіць яму трапіць у Менск на акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, якая адбылася 12 верасня.