Назіральнік патрабуе адмяніць вынікі галасавання на Глускім выбарчым участку №2
Назіральнік БХК Ігар Кірын 12 верасня накіраваў заяву ў Цэнтральную выбарчую камісію Рэспублікі Беларусь.
У заяве ён піша пра тое, што ім былі ўстаноўленыя факты грубага парушэння парадку вызначэння вынікаў галасавання на Глускам ўчастку для галасавання № 2 11 верасня 2016 г.
Сябры ўчастковай камісіі выключылі ўсякую магчымасць для назірання за падлікам вынікаў галасавання, адсунуўшы назіральнікаў на 10 метраў і закрыўшы стол спінамі. На просьбу забяспечыць агляд для назіральнікаў у адпаведнасці з рэкамендацыямі Цэнтрвыбаркама старшыня камісіі В.М. Беразоўскі не адрэагаваў.
Атрымліваецца, што ўчастковая выбарчая камісія Глускага выбарчага ўчастка №2 цалкам праігнаравала рэкамендацыі Цэнтрвыбаркама.
У выніковым пратаколе пазначана, што колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні па месцы знаходжання, складае 556 чалавек. Гэта лічба разыходзіцца з той, якую агучыў старшыня участковай камісіі Васіль Беразоўскі падчас падліку бюлетэняў (472).
Калі падлічыць час, праведзены на выездзе членамі камісіі Андрэем Мазалеўскім і Святланай Басяковай (5 г. 23 мін.), то атрымаецца, што на аднаго выбаршчыка члены выязной групы трацілі ў сярэднім ад 35 да 41 секунд. І гэта без уліку часу на ад'езд-прыезд, а выязджалі яны з скрыняй для галасавання чатыры разы.
У заяве Кірын апісывае яшчэ цэлы шэраг грубых парушэнняў з боку членаў Глускай выбарчай камісіі №2.
На падставе відавочных і грубых парушэнняў устаноўленага Выбарчым кодэксам патрабаванняў адкрытасці і галоснасці пры падвядзенні вынікаў галасавання, які з'яўляецца абавязковай умовай забеспячэння іх сапраўднасці, вынікі галасавання на Глускім ўчастку для галасавання № 2 Кірын просіць прызнаць несапраўднымі.
Асоб, вінаватых у падробцы дакументаў па выбарах, заведама няправільным падліку галасоў назіральнік просіць прыцягнуць да адказнасці ў адпаведнасці з законам.