Давераная асоба кандыдата Аляксандра Меха Рыгор Грык і сам кандыдат патрапілі ў міліцыю
12 верасня а 11-30 давераная асоба кандыдата па Кобрынскай выбарчай акрузе № 12 Аляксандра Меха Рыгор Грык быў дастаўлены ў РАУС Кобрынскага раёну. Як паведамляе “Берасцейская Вясна”, Грыку патлумачылі, што трэба ўзяць у яго тлумачэнні па факце адміністратыўнага правапарушэння. Пыталіся аб тым, дзе ён праводзіў пікет, у што быў апрануты, якія матэрыялы распаўсюджваў.
Рыгор Грык не разумее зацікаўленасці ягонай асобай з боку міліцыі, бо ўсе мерапрыемствы ў якіх ён браў у апошні час удзел, праводзіліся ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам, пасля падачы заяўкі на іх правядзенне.
На кароткі час, на абед, Рыгор Грык быў выпушчаны, да 14-30.
А калі пасля абеду ў РАУС прыбыў кандыдат Аляксандар Мех, якому патлумачылі, што Рыгор Грык на загад маёра Паўлені з Баранавічаў у суправаджэнні 2 маёраў, старшых інспектароў міліцыі, Ігара Місюры і Андрэя Хоміча будзе адпраўлены ў Баранавічы ў рамках "адміністратыўнай справы".
Пасля чаго кобрынская міліцыя ўзялася за самаго кандыдата Меха. У міліцыі з'явілася патрэба ўзяць тлумачэнні ў кандыдата. Пачалі з пікета каля рэстарана "Кобрын": "Чаму, менавіта там?"
Праз гадзіну Аляксандра Меха вызвалілі. А тэлефон Рыгора Грыка на званкі не адказвае.