Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Гомель: на «празрыстым» участку выбары не адбыліся, на астатніх — процьма парушэнняў, асабліва прыпіскі па яўцы

Назіральнік Сяргей Колышкін (кампанія «Права выбару») сцвярджае, што на яго ўчастку (№9, акруга Гомельская-Цэнтральная №33) выбары адбыліся без парушэнняў. «Гэта відаць і па выніку – выбары тут не адбыліся, яўка была трохі больш за 30%, то бок і паловы выбарцаў не было. Мы, назіральнікі, маглі рэальна бачыць падлік галасоў, камісія паставіла сталы так, каб было нам ўсё бачна. Але астатнія мае калегі расказваюць пра масавыя парушэнні, асабліва з яўкай», - распавёў назіральнік.

Наталля Крывашэй назірала на ўчастку №29 (Гомельская-Цэнтральная акруга №33), і заўважыла такую рэч: скрынкі для галасавання лічылі асобна, і на датэрміновым галасаванні з вялікім адрывам перамагае кандыдат ад улады Алег Леўшуноў – за яго былі аддадзены 232 галасы, за Юрыя Глушакова (Беларуская партыя «Зялёныя») – 8. Пры галасаванні па месцы жыхарства Глушакоў мае 16 галасоў, Леўшуноў – 143. «А ў дзень выбараў 11 верасня Глушакову – 47 галасоў, Леўшунову – 51, заўважце, вельмі малая разбежка, не параўнальна з галасаваннем датэрмінова і па месцы жыхарства», - зазначае назіральніца.

Аляксандр Гехт назіраў на ўчастку №17 Гомельскай-Цэнтральнай акругі №33. «У дзень выбараў я ні на хвіліну не пакідаў участак і налічыў 218 чалавек. А пасля падліку галасоў старшыня камісіі паведаміла, што ў дзень галасавання яўка склала 345 чалавек, то бок перавышэнне на 127 чалавек! Тым больш нам забаранялі стаяць блізка каля стала пры падліку галасоў, нягледзячы на рэкамендацыі», - адзначыў Аляксандр Гехт.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары