Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Выязное галасаванне ў Гродне: а выбаршчыкі і не прасілі

   На выязным галасаванні па ўчастку №14 Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №51 у дзень галасавання высветлілася, што частка людзей не падавалі заявы на галасаванне дома. Пра гэта паведаміла прадстаўніца незалежнага назірання Наталля Тупіца. Назіральніца паехала разам з членамі ўчастковай камісіі па заявах выбарцаў, якія нібыта падалі заявы на галасаванне дома. У час аб’езду кватэр і галасавання высветлілася, што мінімум 4 чалавекі,  унесеныя ў спісы для галасавання па месцы жыхарства, абурыліся гэтым фактам, заявіўшы, што яны нікога не прасілі прыязджаць да іх дадому з урнай для галасавання. Больш таго, двое з гэтых людзей дэманстратыўна адмовіліся браць удзел у галасаванні. Двух іншых  члены камісіі ўсё ж пераканалі прагаласаваць дома. У спісе гэтых членаў камісіі былі 20 чалавек. Усяго ж па гэтым участку па месцы знаходжання нібыта пажадалі прагаласаваць 84 чалавекі.

   Трэба дадаць, што на гэтым жа выбарчым участку, які размяшчаецца ў сярэдняй школе №2 (старшыня камісіі -- ён жа дырэктар школы Віталь Круповіч) у час мінулай выбарчай кампаніі была зафіксавана надзвычай вялікая колькасць нібыта пажадаўшых прагаласаваць дома.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары