Выніковая справаздача па назіранні за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 6-га склікання
Назіранне ажыццяўляецца актывістамі РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".
ВЫСНОВЫ
Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання пачаліся на фоне складанай геапалітычнай абстаноўкі ў свеце і Еўропе, найперш у сувязі з расійска-украінскім крызісам. Нягледзячы на тое, што выбарам спадарожнічалі неспрыяльныя тэндэнцыі ў сацыяльным і эканамічным развіцці краіны, сёлетняя кампанія адбывалася на больш спрыяльным унутрыпалітычным фоне, чым папярэднія.
Трэба адзначыць, што ўлады Беларусі не адмовіліся ад рэпрэсіўных практык у дачыненні да сваіх палітычных апанентаў: па-ранейшаму прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікі мірных сходаў, абмяжоўваюцца іншыя грамадзянскія і палітычныя правы, на працягу года з’явіліся новыя палітычныя зняволеныя. У цэлым улады Беларусі не зрабілі захадаў, скіраваных на сістэмныя і якасныя змены ў галіне правоў чалавека, найперш на заканадаўчым узроўні.
У выбарчай кампаніі 2016 г. можна вызначыць некаторыя станоўчыя тэндэнцыі ў параўнанні з папярэднімі: адсутнасць значных перашкод з боку ўлады пры зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты і правядзенні агітацыйных мерапрыемстваў, невялікі працэнт адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп і адмоваў у рэгістрацыі саміх кандыдатаў.
Але пры падрыхтоўцы выбараў улады Беларусі фактычна не ўлічылі рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ і кампаніі «Праваабронцы за свабодныя выбары», выпрацаваныя па выніках назірання за папярэднімі кампаніямі, а тых нешматлікіх, але шырока анансаваных зменаў, унесеных у некаторыя Пастановы ЦВК, было відавочна не дастаткова, каб якасна змяніць характар выбарчай кампаніі ў бок яе большай дэмакратычнасці і транспарэнтнасці.
Выбары дэпутатаÿ Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання ў цэлым не адпавядалі шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама выбарчаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Найперш гэтыя высновы абумоўлены адсутнасцю роўнага доступу да дзяржаўных СМІ для ўсіх кандыдатаў, адсутнасцю бесстаронніх выбарчых камісій, фактамі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу на карысць праўладных кандыдатаў, шматлікімі фактамі прымусу выбарцаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, закрытасцю шэрагу выбарчых працэдур для назіральнікаў.
Традыцыйна найбольшыя падставы для крытыкі даюць непразрыстыя для назіральнікаў працэдуры падліку галасоў, што дае падставы для сур’ёзных сумневаў адносна адпаведнасці вынікаў такога падліку рэальнаму волевыяўленню выбарцаў.
Выбарчыя камісіі
– фарміраванне ТВК, АВК і УВК адбывалася на фоне шырока анансаваных ЦВК новых падыходаў, якія павінны былі прымяняцца адказнымі органамі: магчымасць прысутнасці назіральнікаў (у тым ліку міжнародных) на пасяджэннях органаў па фарміраванні ВК, абмеркаванне дзелавых і палітычных якасцяў вылучаных у камісіі прэтэндэнтаў, персанальнае галасаванне ў выпадку конкурсу на месцы ў камісіях;
– пры фарміраванні ТВК і АВК адпаведныя органы часта прымянялі гэтыя падыходы, аднак пры фарміраванні УВК назіральнікі адзначалі, што на большасці пасяджэнняў склад камісій прымаўся спісамі, без прадстаўлення і абмеркавання кандыдатур;
– адсутнасць заканадаўча замацаваных крытэрыяў для прэтэндэнтаў у склад ВК па-ранейшаму робіць магчымым суб’ектыўны падыход да персанальнага складу гэтых камісій; Пастанова ЦВК № 18 на практыцы не паспрыяла большаму палітычнаму плюралізму: як і падчас папярэдніх выбараў, пры фарміраванні ТВК, АВК і УВК перавага аддавалася прадстаўнікам праўладных палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў;
– доля прадстаўнікоў палітычных партый у складзе ТВК, АВК і УВК па-ранейшаму застаецца нязначнай (24,2%, 13,6% і 5,2% адпаведна) у параўнанні з доляй прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў (51%, 54,3% і 44,1% адпаведна);
– асноўнымі арганізатарамі выбараў, як і раней, з’яўляюцца прадстаўнікі пяці найбуйнейшых праўладных грамадскіх аб’яднанняў – Белая Русь, БРСМ, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў, ФПБ; сумарнае іх прадстаўніцтва ў ТВК, АВК і УВК склала 40%, 42,3% і 50,7% адпаведна;
– пры фарміраванні камісій захаваўся дыскрымінацыйны падыход да прадстаўнікоў апазіцыйных партый: працэнт праходнасці іх прадстаўнікоў у склад камісій застаецца традыцыйна нізкім – 31,2% ад вылучаных у ТВК, 19,4% ад вылучаных у АВК і 10,3% ад вылучаных ва УВК; агульны працэнт іх прадстаўніцтва ў складзе ТВК, АВК і УВК нязначны (5,4%, 1,8% і 0,08%); падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у 2012 г. доля прадстаўнікоў апазіцыйных партый у АВК склала 3% ад агульнай колькасці сябраў камісій, на выбарах дэпутатаў парламента 2008 г.адпаведна 2,2%, ва УВК доля прадстаўнікоў апазіцыйных партый была яшчэ меншая: 0,01% на выбарах 2012 г. і 0,07% на выбарах 2008 г.;
– нязначная колькасць прадстаўнікоў палітычных партый у складзе камісій адлюстроўвае спецыфіку беларускай палітычнай мадэлі, пры якой асноўнымі палітычнымі суб’ектамі пры правядзенні выбарчых кампаній выступаюць прадстаўнікі праўрадавых грамадскіх аб’яднанняў і працоўных калектываў.
Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў
– этап вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў прайшоў без істотных адрозненняў ад мінулых парламенцкіх выбарчых кампаній, збор подпісаў адбываўся ў спакойнай абстаноўцы і без значных перашкодаў для ініцыятыўных груп з боку ўлады;
– адзначаліся асобныя факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу на карысць праўладных кандыдатаў, ціску на сябраў ініцыятыўных груп па вылучэнні апазіцыйных кандыдатаў;
– у шэрагу АВК (27%) праверка подпісаў па вылучэнні кандыдатаў была дастаткова празрыстай, назіральнікі мелі магчымасць адсочваць гэты працэсс, у тым ліку працэдуру выпадковай выбаркі подпісаў для праверкі, што расцэньваецца як станоўчая практыка; негатыўным фактарам сёлетняй выбарчай кампаніі з’яўляецца тое, што ў большасці АВК (73%), як і раней, назіральнікам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адмоўлена ў праве назіраць за працэдурай праверкі подпісаў;
– сёлетняя выбарчая кампанія адзначана большай колькасцю вылучэнняў у кандыдаты ў дэпутаты ў параўнанні з мінулымі кампаніямі (365 – у 2008 г., 464 – у 2012 г., 630 – у 2016 г.) і меншай колькасцю адмоваў у рэгістрацыі кандыдатаў (23% – у 2008 г., 24,7% – у 2012 г., 14,8% – у 2016 г.).
Перадвыбарчая агітацыя
– перадвыбарчая агітацыя не стала значнай сацыяльна-палітычнай з’явай для беларускага грамадства і прайшла малазаўважна для выбарцаў;
– рашэнні мясцовых органаў улады адносна месцаў, у якіх дазволены масавыя агітацыйныя мерапрыемствы і размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў, у большасці рэгіёнаў былі лепшымі ў параўнанні з адпаведнымі рашэннямі падчас выбараў 2012 і 2015 гг.; у некаторых рэгіёнах захоўвалася негатыўная практыка мінулых кампаній;
– не былі забяспечаныя роўныя правы кандыдатаў; лепшыя ўмовы для агітацыі створаныя для кандыдатаў ад улады: на іх карысць актыўна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс, былі задзейнічаныя электронныя і друкаваныя СМІ; адзначаныя факты сустрэч праўладных кандыдатаў з выбарцамі ў працоўны час, маніпуляцыі з інфармацыяй аб графіку сустрэч на сайтах мясцовых адміністрацый і інш.;
– адзначаныя выпадкі цэнзуры выступаў і праграм кандыдатаў, перашкодаў у публікацыі агітацыйных матэрыялаў (патрабаванні ўзгадніць, скарэктаваць змест і інш.), хаця дзеючае выбарчае заканадаўства не прадугледжвае патрабавання ўзгаднення тэкстаў выбарчых друкаваных матэрыялаў друкарнямі і не накладае такіх абавязкаў на саміх кандыдатаў; адзначаныя факты дыскрэдытацыі апазіцыйных і незалежных кандыдатаў.
Датэрміновае галасаванне
– у датэрміновым галасаванні ўзялі ўдзел 31,29 % выбарцаў – гэта болей, чым на папярэдніх парламенцкіх выбарах 2012 г. (25,9%); фактычна датэрміновае галасаванне ператварылася ў норму, што не адпавядае патрабаванням ВК;
– падчас назірання за датэрміновым галасаваннем зафіксаваныя шматлікія факты прымусу грамадзян да ўдзелу ў ім з боку адміністрацыі прадпрыемстваў і ВНУ (да 18% выбарчых участкаў з тых, дзе вялося назіранне); гэта паўтарыла негатыўную практыку папярэдніх выбарчых кампаній;
– дадзеныя камісій і дадзеныя назіральнікаў па галасаванні выбарцаў адрозніваліся ў бок павелічэння, гэта фіксавалася ва ўсе дні датэрміновага галасавання; агульная розніца паміж дадзенымі па колькасці выбарцаў, якія ўзялі ўдзел у датэрміновым галасаванні, складала 14% з УВК, на якіх вялося назіранне; на парламенцкіх выбарах 2012 г. такая розніца складала 10,4%;
– практыка правядзення датэрміновага галасавання застаецца адной з сістэмных праблем выбарчага працэсу і стварае шырокія магчымасці для выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу і іншых маніпуляцый; у сувязі з гэтым рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ ў частцы зменаў працэдур датэрміновага галасавання застаюцца актуальнымі.
Галасаванне па месцы знаходжання выбарцаў
Існуючыя працэдуры галасавання па месцы знаходжання выбарцаў даюць магчымасці для маніпуляцый. Назіральнікі не могуць праверыць, ці сапраўды паступалі заяўкі выбарцаў аб арганізацыі галасавання па месцы знаходжання, на практыцы дазваляе арганізаваць такое галасаванне і без заявак (86,4%).
На некаторых участках зафіксавана анамальна высокая колькасць прагаласаваўшых па месцу знаходжання.
Галасаванне на выбарчых участках і падлік галасоў
У ВК адсутнічае апісанне працэдуры падліку выбарчых бюлетэняў. Рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ і прапановы кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» аб урэгуляванні гэтай працэдуры праз пастанову ЦВК пры падрыхтоўцы выбараў не былі ўлічаны.
Як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній, УВК ажыццяўлялі сумесны і адначасовы падлік бюлетэняў, не агалошваючы і не дэманструючы ўсім прысутным кожны выбарчы бюлетэнь. Такая працэдура падліку бюлетэняў не з’яўляецца празрыстай і не дазваляе суаднесці вынікі назірання за падлікам галасоў з дадзенымі, адлюстраванымі ў пратаколе аб выніках галасавання. 95,31% назіральнікаў кампаніі адзначылі, што працэдура падліку галасоў насіла непразрысты характар. Падчас назірання за парламенцкімі выбарамі 2012 г. гэтая лічба склала 92,3%.
Падчас назірання за працэдурай падліку галасоў назіральнікамі кампаніі адзначаліся і іншыя парушэнні працэдур падліку: у 32% назіраных УВК не агалошваліся вынікі асобнага падліку галасоў, у 42% назіраных УВК падлік бюлетэняў не ажыццяўляўся асобна за кожнага кандыдата, у 61% УВК назіральнікі знаходзіліся ў нязручным для ажыцяўлення назірання за падлікам галасоў месцы.