Рыгор Кастусёў накіраваў скаргу ў ЦВК
Ноччу 12 верасня кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90 Рыгор Кастусёў праз электронную пошту накіраваў заяву на імя старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.
У заяве кандыдат у дэпутаты, у прыватнасці, піша:
“Звяртаю Вашу ўвагу на грубейшае парушэнне выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь на выбарах дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу у час правядзення галасавання 11.09.2016 г. па Шклоўскай выбарчай акрузе №90.
Практычна па ўсёй выбарчай акрузе пры правядзенні выязднога галасавання, асабліва ў аддаленых весках, назіраліся шматлікія факты фальсіфікацыі правядзення працэдуры галасавання. У масавым парадку члены ўчастковых камісіяў ставілі подпісы ў ведамасцях на атрыманне бюлетэняў для галасавання замест выбаршчыкаў і праводзілі запаўненне бюлетэняў і ўкід іх у скрыні для галасавання.
Так, напрыклад, 11 верасня 2016 г. каля 19 гадзін 20 хв. жыхары в.Бахані Бялыніцкага раёну Лістападаў Алег Івананавіч і Царанок Міхаіл Рыгоравіч з'явіліся на выбарчы ўчастак, размешчаны ў школе в.Цяхцін гэтага ж раёну для ўдзелу ў галасаванні. Але, як было выяўлена - у ведамасцях на атрыманне бюлетэняў для галасавання насупраць іх прозвішчаў ужо стаялі чыесьці подпісы з адзнакай аб здзяйсненні галасавання.
На аснове вышэй адзначанага патрабую вынікі галасавання па Шклоўскай выбарчай акрузе ануляваць і прызнаць іх не адбыўшыміся.
Патрабую накіраваць дадзеную інфармацыю ў следчыя органы для ўзбуджэння крымінальнай справы па фактах фальсіфікацыі вынікаў галасавання ў час правядзення выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў ПП”.
Па словах Рыгора Кастусёва, папярэдне ён доўгі час спрабаваў датэлефанавацца да Цэнтральнай выбарчай камісіі, каб праінфармаваць яе членаў аб складваючайся ў Шклоўскай выбарчай акрузе №90 сітуацыі, аднак ні адзін з нумароў ЦВК не адказваў.