Глуск: пры падліку назіральнікі з 10 метраў бачылі толькі спіны сябраў камісіі
На Глускім выбарчым участку №2 пры падліку бюлетэняў назіральнікі маглі бачыць толькі спіны членаў камісіі. Участковая камісія цалкам праігнаравала рэкамендацыі Цэнтрвыбаркама.
Распавядае назіральнік БХК на гэтым участку Ігар Кірын:
«Да стала было каля 10 м, члены камісіі атачылі стол з бюлетэнямі і закрылі яго спінамі. На просьбу забяспечыць агляд для назіральнікаў у адпаведнасці з рэкамендацыямі Цэнтрвыбаркама старшыня камісіі В.М. Беразоўскі не адрэагаваў. У выніку за спінамі нічога не было відаць.
Калі я паспрабаваў сфатаграфаваць гэтае бязладдзе, назіральнік ад раённага Савета ветэранаў Сураўнёў Валерый Іванавіч паскардзіўся старшыні камісіі, што я фатаграфую, пасля чаго В.М. Беразоўскі прыгразіў мне выдаленнем з участку. Тым не менш, некалькі кадраў мне ўдалося зрабіць ».
Таксама Ігар Кірын адзначае дзіўную актыўнасць выбаршчыкаў у Глуску пры галасаванні на даму:
«Члены камісіі Мазалеўскі Андрэй Міхайлавіч і Басякова Святлана Фёдараўна некалькі разоў выязджалі з пераноснай скрыняй. Сумарны час, праведзены на выездзе, склаў 5 г. 23 мін. (323 хв.). Пры падвядзенні вынікаў галасавання старшыня камісіі В.М. Беразоўскі абвясціў вынікі галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў. Усяго па гэтых дадзеных па месцы знаходжання выбаршчыкаў прагаласавалі 472 выбаршчыкі, што складае больш за 32% ад колькасці ўсіх выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні (1437). Атрымліваецца, што на аднаго выбаршчыка члены выязной групы трацілі ў сярэднім менш за 1 хвіліны. Гэта немагчыма. І гэта без уліку часу на ад'езд-пад'езд.
У пачатку галасавання 11 верасня я спытаў старшыні камісіі В.М. Бярозаўскага, колькі заявак для галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў зарэгістравана. Ён адказаў, што 12», - распавядае Ігар Кірын.
Па словах назіральніка, падчас выбарчай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2015 г. у галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыкаў, па афіцыйных дадзеных, на гэтым участку прынялі ўдзел 163 выбаршчыкі, што складала больш за 11% ад колькасці ўсіх выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні.
Ігар Кірын таксама адзначыў, што камісіяй быў вывешаны толькі адзін бок выніковага пратаколу.
Пасяджэнне камісіі па разглядзе вынікаў галасавання не праводзілася.
У вывешаным выніковым пратаколе галасавання на Глускім выбарчым участку №2 можна было пабачыць яшчэ больш дзіўныя лічбы – колькасць выбаршчыкаў. Якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні – 460, прагаласаваўшых па месцы знаходжання – 566, і толькі 421 выбаршчык прагаласаваў у дзень выбараў непасрэдна на ўчастку для галасавання…