Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Слуцк і Салігорск: падлік галасоў у найгоршых традыцыях беларускіх "выбараў"

Працэдура падліку галасоў вачыма нізарільніка на слуцкім выбарчым участку №27.
Працэдура падліку галасоў вачыма нізарільніка на слуцкім выбарчым участку №27.

Усе незалежныя назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з Салігорскай гарадской выбарчай акругі №68 і Слуцкай выбарчай акругі №67 кажуць пра немагчымасць рэальна пракантраляваць падлік галасоў, а таксама заяўляюць пра значнае завышэнне яўкі выбарцаў у выніковых пратаколах участковых камісій.

Нікога з незалежных назіральнікаў у Слуцку і Салігорску не дапусцілі да месцаў падліку камісіямі галасоў выбарцаў бліжэй за тры метры. У цэлым працэдура насіла звыклы для беларускіх “выбараў” характар. Кожны чалец камісіі складвае пэўную частку бюлетэняў, якую потым перадае сакратару. Той ужо агульныя стосы перадае старшыні, і яны ўдвох калькулююць канчатковыя лічбы. Гэтая падгонка лічбаў займае больш часу за “падлік” галасоў чальцамі камісіі і суправаджаецца разлікамі на калькулятары, алоўкавымі запісамі і шэптам, пачуць які назіральнікі не маюць магчымасці.

Зрэшты, найбуйнейшае абурэнне назіральнікаў выклікала нават не таемная працэдура падліку галасоў, а велізарнае завышэнне яўкі выбарцаў у выніковых пратаколах участковых камісій.

- Паводле пратаколу камісіі, у асноўны дзень выбараў у галасаванні ўдзел прынялі 926 чалавек, але рэальная колькасць меншая на 470 чалавек. Назіранне і паралельны падлік яўкі вёўся намі абсалютна без перапенкаў, - кажа назіральнік з салігорскага ўчастка №24 Уладзімір Шыла. - Прычым гэтая лічба была кіраўніцтвам камісіі проста дабаўлаеная ў пратакол нават без укідвання бюлетэняў, бо нават візуальна была бачна адсутнасць такой іх колкасці ў пачках. Цікава, што ад такой нахабнай фальсіфікацыі іх не спыніла нават наяўнасць прадстаўнікоў місіі АБСЕ на ўчастку.

Пра значную фальсіфікацю яўкі заявіў і назіральнік з салігорскага выбарчага ўчастку №9 Алег Стахаевіч:

- Па маім участку паводле выніковага пратаколу камісіі колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасавнні ў дзень выбараў у памяшканні ўчастка для галасавання, склала 694 чалавекі. Насамрэч на ўчастак сёння прыйшло 548 чалавек. То бок на паўтры сотні менш. Таксама неверагодную лічбу далі па тых, хто прагаласаваў па месцы знаходжання. Там было дзьве скрыні, у якіх апынуўся 181 бюлетэнь. Але перад гэтым я адмыслова ўдакладняў у сакаратара колькасць заявак па надомным галасаванні, і іх было толькі 46.

Пацярпела фіяска і спроба дэмакратычных кандыдатаў па Слуцкай выбарчай акрузе №67 Аліны Нагорнай і Аляксандра Шыловіча патрапіць на выніковае паседжанне акруговага выбаркаму, каб паспрабаваць абараніць свае галасы.

- Хацелі запатрабаваць, каб выбары прынамсі на апошнім этапе праходзілі адкрыта і галосна. Ставілі сабе за мэту дамагчыся агучвання вынікаў галасавання па свайму ўчастку старшынямі кожнай участковай камісіі пры здачы пратаколу ў акруговы выбаркам. Але нас, дагэтуль яшчэ афіцыйна зарэгістраваных кандыдатаў, нават не дапусцілі ў будынак выканкаму, дзе знаходзіцца акруговая выбарчая камісія. У ЦВК на нашы тэлефанаванні не адказваюць, - каментуе сітуацыю Аліна Нагорная.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары