Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Студэнтаў-выбаршчыкаў уносілі ў спісы па месцы навучання, а не пражывання

На ўчастку №249 па выбарчай акрузе №98, што месціцца ў студэнцкай вёсцы, у дні датэрміновага галасавання выбаршчыкаў размяркоўвалі не па месцы рэгістрацыі, а па месцы навучання. Над сталамі сябраў камісіі віселі таблічкі з назвамі ВНУ.

Калі студэнт прыходзіў галасаваць, сябры камісіі яго адразу запытвалі з якога ён універстітэту, бралі адпаведны сшытак са спісам студэнтаў і выдавалі бюлетэнь пад роспіс.

На пытанне назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Зміцера Салаўёва, чаму так адбываецца, сябры камісіі паведалі, што гэта больш зручна для ніх і для студэнтаў, што прыходзяць галасаваць.

Назіральнік адзначыў, што гэта парушэнне, бо спісы павінны быць сфарміраваныя па адрасах рэгістрацыі, а не месцы навучання.

“Гэта было зроблена адмыслова для таго, каб зафіксаваць тых студэнтаў, хто не прыйшоў галасаваць датэрмінова, а потым перадаць гэтую інфармацыю ў навучальныя ўстановы з мэтай прымянення розных спагнанняў да іх”, - мяркуе Зміцер Салаўёў.

У асноўны дзень выбараў, 11 верасня, сітуацыя змянілася – таблічкі з назвамі ўніверсітэтаў прыбралі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары