Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

На участках у Гомелі, дзе не было назіральнікаў – найвышэйшая яўка на датэрміновым галасаванні

На выбарчых ўчастках у Гомелі, дзе не было арганізавана назіранне, яўка значна вышэйшая, чым на тых, дзе было наладжаны «прыгляд» за камісіямі. Напрыклад, на ўчастку №34 Гомельскай-Цэнтральнай акругі №34 датэрмінова прагаласавалі 658 чалавек. У дзень галасавання па стане на 18.30 яўка склала больш за 320 чалавек. Усяго на ўчастку 2455 выбарцаў.

У адной са школ на Гомельскай-Цэнтральнай акругі размешчаны тры ўчасткі, №31,32,33. «Такі момант, што памяшканні, дзе захоўваліся ўсе ўрны са ўсіх трох участкаў, не апячатваліся ўвогуле ўсе дні датэрміновага галасавання, акрамя серады. Тады мы прапанавалі камісіі апячатаць усё ж памяшканне, і камісіі згадзіліся – адзін дзень памяшканне было апячатана. Але потым умяшаўся міліцыянер, які сказаў, што ён павінен мець доступ да памяшкання, хадзіць туды, маўляў, раптам там будзе пажар ці што, і памяшканне далей не апячатвалася, проста яго закрывалі на ключ, і ключ быў у міліцыянера», - распавёў назіральнік Алег Левінец (участак №32).

Ён адзначыў, што пры прысутнасці назіральнікаў на ўчастку №32 яўка была 24-25 чалавек (у аўторак і сераду). А ў чацвер, калі назіральнік не прысутнічаў на ўчастку, а толькі прыйшоў вечарам, то ў пратаколе ўбачыў ужо трохзначныя лічбы. «Калі пры мне галасавалі датэрмінова па 20 і больш чалавек, то ў чацвер, пры маёй адсутнасці – 131 чалавек. А на суседнім участку – нават 200 чалавек за дзень прагаласавалі датэрмінова, бо таксама не было назіральніка», - дадаў суразмоўца. У дзень галасавання па стане на 18.00 на дадзеным участку №34 «зрабілі свой выбар» каля 400 чалавек. За час датэрміновага галасавання – 308, улічваючы небывалы ажыятаж ў чацвер – 131 чалавека. А ўсяго выбарцаў на ўчастку 2205.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары