Выбаркамы Салігоршчыны і Случчыны: парадак падліку галасоў не прадугледжвае дэманстрацыю і агалошванне адзнак у бюлетэнях
Участковыя выбаркамы Салігоршчыны і Случчыны не задаволілі просьбы незалежных назіральнікаў аб усталяванні выразнай працэдуры падліку галасоў з магчымасцю бачыць волявыяўленне грамадзян у кожным выбарчым бюлетэні.
Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” на выбарчых участках па Слуцкай выбарчай акрузе №67 і Салігорскай гарадской выбарчай акрузе №68 прасілі камісіі ўсталяваць насамрэч адкрыты і галосны падлік галасоў. У адпаведнасці з прапановай незалежных назіральнікаў падлік мусіў бы весьціся адным чальцом камісіі, які дэманстраваў бы кожны бюлетэнь і абвяшчоў галосна выбар кожнага з выбарцаў па кожным з бюлетэняў адпаведна зробленай адзнацы, дэманструючы яе назіральнікам і чальцам камісіі, каб кожны з прысутных пры падліку галасоў змог бачыць адзнаку, зробленую выбарцам, і прачытаць у бюлетэні, насупраць якога прозвішча кандыдата ў дэпутаты стаіць адзнака.
На жаль, ніводная камісія пайсці насустрач назіральнікам не пажадала. Участковыя выбаркамы Салігоршчыны і Случчыны, усе як адзін, паабяцалі правесці падлік галасоў у адпаведнасці з артыкулам 55 Выбарчага кодэксу. Участковая камісія ўчастка для галасавання №9 Салігорскай гарадской выбарчай акругі №68 пад кіраўніцтвам Анатоля Самуйлава нават дала афіцыйнае тлумачэнне гэтай адпаведнасці: “Парадак падліку галасоў, усталяваны Выбарчым кодэксам, не прадугледжвае дэманстрацыі і агалошвання адзнак у бюлетэнях”.