Бяроза: назіральніцу ў бальніцы далей медсястрынскага паста не пусцілі
Хворым у Бярозаўскай бальніцы можна галасаваць і без дакументаў. Так вырашыў намеснік старшыні ўчастковай выбарчай камісіі №62 і адначасова намеснік галоўнага ўрача Вячаслаў Саковіч.
Назіральніку ад грамадзян Тамары Шчапёткінай дазволілі пайсці на галасаванне ў аддзяленні бальніцы. Але ў самім аддзяленні пасадзілі на медсястрынскім пасту і сказалі: “Сядзіце тут, а мы пойдзем па палатах, бо там цяжкія хворыя”.
Медсястра дадала: “Дык і халацік трэба”.
Паколькі сам намеснік старшыні камісіі Саковіч і яшчэ адзін сябра камісіі былі без халатаў, ён паправіў медсястру: “Нам халаты не трэба”.
Камісія прайшла па першых, як яны казалі, “цяжкіх” палатах без назіральніка. А калі прыйшлі зноў да медсястрынскага стала, то назіральніцы Шчапёткінай сказалі, што цяпер пойдзем да яшчэ “цяжэйшых”.
У выніку назіральніцы не далі магчымасці сачыць за галасаваннем нават з калідора. Па словах Саковіча, каб “не турбаваць хворых”.
Пры гэтым намеснік старшыні камісіі прасіў хворых званіць родным, каб тыя прынеслі пашпарты. Калі хатні тэлефон не адказваў, то дамагаўся нумароў іншых родных, патрабаваў у медсястры, каб пазваніла па 109.
Праз некалькі хвілін Вячаслаў Саковіч некаму патэлефанаваў і сказаў, што хворыя могуць галасаваць і без дакументаў. Пасля гэтага зачыніў дзверы палаты перад назіральніцай, каб не пабачыла, як гэтыя хворыя галасуюць.
Т.Шчапёткіна накіравала скаргу аб парушэнні арт. 13 Выбарчага кодэкса на імя старшыні выбарчай камісіі №62 Нэлі Малейцінай, паколькі была фактычна пазбаўлена права назіраць.