Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Правакацыя супраць незалежных назіральнікаў

Як паведаміла назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянціна Свяцкая, каля гадзіны дня 11 верасня на выбарчы ўчастак №331 па Ясенінскай акрузе №100 прыехаў Мікалай Кісліцкі - даверанная асоба кандыдата ў дэпутаты Аксаны Гайдук. Праходзячы міма адной з назіральніц кампаніі, якая сядзела за сталом, ён паваліўся на падлогу і стаў крычаць, нібыта яна паставіла яму падножку, патрабаваць, каб назіральніцу выдалілі з участку.

Міліцыя забрала мужчыну ў асобны пакой для разбіральніцтва.

Валянціна Свяцкая, якая адышла на суседні ўчастак, лічыць, што правакацыя магла быць накіравана супраць яе, проста давераная асоба праўладнага кандыдата не ведала, што на яе месцы сядзіць іншая чалавек. Цяпер назіральнікаў папрасілі не сыходзіць і пачакаць нейкую групу, якая прыедзе разбірацца ў інцыдэнце.

У дачыненні да назіральніцы Веры Свяцкай, якая нібыта паставіла падножку даверанай асобе Аксаны Гайдук,  вядзе разбіральніцтва капітан Маскоўскага РУУС Аляксандр Чабатароў. Аднак, старшыня ўчастковай камісіі №331 Вольга Шкварэнка, не дачакаўшыся ніякага рашэння, ужо выдаліла назіральніцу з участку, пазбавіўшы яе акрэдытацыі.

Мікалай Кісліцкі упаў на калені, хаця паміж ім і назіральніцай стаяў стул, і Вера Свяцкая не магла ніяк паставіць падножку.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары