У Полацку назіральніка ад БХК пазбавілі акрэдытацыі з-за скаргі адносна выдачы бюлетэня грамадзянцы Расіі
Назіральнік ад БХК Юрый Бельскі падаў у камісію скаргу на тое, што жыхарцы Полацка выдалі бюлетэнь для галасавання, хаця яна не з’яўляецца грамадзянкай Беларусі і не мае віду на жыхарства.
“Падобна, што спісы выбаршчыкаў у нас звяраюць з дапамогаю пытання “ці тут вы пражываеце”. Інакш не зразумела, чаму грамадзянка суседняй дзяржавы трапіла ў спіс для галасавання. Каб яна мела хаця б від на жыхарства, то гэта дае ёй права браць удзел у мясцовых выбарах. Можна было б уявіць, што нехта памыліўся, правяраючы спічы. Аднак у яе было толькі пасведчанне аб рэгістрацыі… Я заўважыў, што бюлетэнь ёй выдалі па рускім пашпарце, а потым спраўдзіў: так і ёсць, галасавай яна не мае права. Пакуль мы разбіраліся са спадарыняй і камісіяй, у спрэчках прайшло нямала часу. А потым участковая камісія разгледзела маю скаргу. Давялося прызнаць, што скарга небеспадстаўная. Але тут жа з’явілася скарга і на мяне – за тое што замінаю працы камісіі. На гэтай падставе мяне выдалілі з назірання на 28-м участку 27-й выбарачай акругі ў Полацку”, - кажа цяпер ужо былы назіральнік Юрый Бельскі.
Ён згадвае, што парушэнні выбарчага заканадаўства на гэтым участку дапускаліся яшчэ з таго часу, як ён прыйшоў рэгістравацца. Сакратар участковай камісіі заявіла яму, што патрэбны сшытак знаходзіцца не на ўчастку, а ў старшыні камісіі, і прапанавала пайсці да яго на працу, каб зарэгістравацца назіральнікам.