Участковая камісія ў Крычаве спачатку дазволіла, а потым забараніла фатаграфаваць назіральніку
Участковая камісія Сожавага ўчастка №33 у Крычаве спачатку дазволіла, а на наступны дзень забараніла назіральніку ад БХК, рэдактару крычаўскай газеты «Вольны горад» Сяргею Няроўнаму фатаграфаваць на выбарчым участку.
Яшчэ 6 верасня ён звярнуўся ва ўчастковую выбарчую камісію з заявай наступнага зместу:
«У адпаведнасці з арт. 13 Выбарчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь і рэкамендацыямі (тлумачэннямі) Цэнтральнай выбарчай камісіі прашу Вашага дазволу на фатаграфаванне працэсу галасавання на выбарчым участку. З’яўляюся сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў, мае артыкулы рэгулярна публікуюць афіцыйныя СМІ. Таксама з'яўляюся назіральнікам пры акруговай выбарчай камісіі. Адказ на маю заяву прашу даць у пісьмовым выглядзе ва ўстаноўленыя законам тэрміны ».
Камісія доўга думала і нарэшце 8 верасня дала адказ, што пры прад'яўленні пасведчання члена БАЖ Сяргею Няроўнаму будзе прадастаўлена магчымасць праводзіць фотаздымкі на выбарчым участку.
Аднак ужо на наступны дзень, 9 верасня, участковая камісія перагледзела сваё рашэнне і паведаміла Няроўнаму, што, паколькі ён не з'яўляецца штатным журналістам сродку масавай інфармацыі, здымаць на Сожавым выбарчым участку яму нельга.
Сяргей Няроўны лічыць, што ўчастковая выбарчая камісія перагледзела сваё рашэнне пасля “кансультацый” з акруговай камісіяй Крычаўскай выбарчай акругі №83.
Нагадаем, што ЦВК Рэспублікі Беларусь рэкамендавала праводзіць выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў максімальна адкрыта і празрыста.